Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

(эфір 1 Сакавіка)
1 Сакавіка распачаўся гэтак званы "грамадзкі дыялёг", аб'яўлены Аляксандрам Лукашэнкам. У першым арганізацыйным паседжаньні бралі ўдзел лідэры 12 грамадзкіх арганізацыяў, што падалі адпаведную заяўку. Прадстаўнікоў палітычных патый, як апазыцыйных, гэтак і пралукашэнкавых заўважана не было. Не было й супрацоўнікаў Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску. Само паседжанне прайшло даволі сьціпла.

Перад пачаткам першага арганізацыйнага паседжаньня ўдзельнікам "дыялёгу" раздалі тэксты Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году й Выбарчага кодэксу, відавочна, каб падкрэсьліць, на чым будзе грунтавацца размова.

Як зазначыў загадчык аддзелу прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Велічанскі, заяўкі на ўдзел у аб'яўленым "дыялёгу" падалі сорак арганізацыяў, у тым ліку пяць палітычных партыяў. Аднак апошнія праігнаравалі першае паседжаньне – за круглым сталом 1 сакавіка сядзелі лідэры толькі грамадзкіх арганізацыяў: Фэдэрацыі прафэсійных саюзаў, Клюбу выбаршчыкаў, аб'яднаньня "Яблоко", Прафэсарскага сходу, Таварыства інвалідаў ды іншых.

Першае паседжаньне можна было б назваць маналёгамі аб дыялёгу. Усе прысутныя змаглі выказаць нейкія свае папярэднія заўвагі, але аніякіх рашэньняў прынята не было. У адміністрацыі прэзыдэнта падрыхтавалі свае прапановы. Іх сутнасьць у арганізацыі "дыялёгу" ў дзьвюх формах: вочнай і завочнай.

Першая прадугледжвае непасрэдны дыялёг паміж уладаю і грамадзкімі структурамі… Завочная ж форма, як мяркуецца, будзе грунтавацца на ўнясеньне ўсімі суб'ектамі грамадзянскае супольнасьці сваіх прапановаў, стварэньні банку інфармацыі ды ідэяў, іхная апрацоўка нейкай інтэлектуальна-аналітычнай групаю.

Што датычыць тэмаў на "дыялёг", то тут кожны выказвае свае прапановы, хаця бальшыня прызнала, што самая актуальная на сёньня тэма – Выбарчы кодэкс і ўмовы правядзеньня выбараў. Але што і як абмяркоўваць, калі да гэтага абмеркаваньня далучыцца ягоны ініцыятар Аляксандар Лукашэнка, якім чынам будуць прымацца рашэньні – на гэтыя і шмат іншых пытаньняў пакуль пэўных адказаў няма. Ігар Велічанскі змог толькі акрэсьліць канчатковую мэту названага "дыялёгу":

"Канечны вынік – стварэньне стала дзейнага ды эфэктыўнага ўзаемадзеяньня паміж уладаю і грамадзтвам і грамадзянская згода ў грамадзтве", – адзначыў Ігар Велічанскі.

Удзельніца першага пасяджэньня "грамадзкага дыялёгу" старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэта Тацяна Процька зазначыла ў інтэрвію "Радыё Свабода":

"Якія высновы зь сёньняшняга паседжаньня можна зрабіць? Аніякіх высноваў нельга зрабіць. Бачна зацікаўленасьць вось гэтага вельмі сымпатычнага спадара Велічанскага. Але мы дакладна ведаем, што ў нашай краіне прафэсійныя чыноўнікі нічога не вырашаюць", – адзначыла Тацяна Процька.

Паводле словаў супрацоўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Велічанскага палітычныя партыі ня вызначыліся адносна ўдзелу ў "дыялёгу" з тае прычыны, што яны пакуль абмяркоўваюць гэтую праблему ў сваіх калегіяльных ворганах.

Аднак пазыцыя Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў, якія прынялі адмысловую заяву з нагоды пачатку гэтага "дыялёгу", грунтуецца на іхным намеры браць удзел у першую чаргу у рэальным перамоўным працэсе пры пасярэдніцтве АБСЭ.

Як зазначыў у інтэрвію "Радыё Свабода" намесьнік кіраўніка Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька, апазыцыйныя палітыкі не адмаўляюцца ад грамадзкага дыялёгу як такога, ад выступаў у сродках масавай інфармацыі, удзелу ў канфэрэнцыях, абмеркаваньні важных праблемаў краіны, але ня лічаць магчымым браць удзел у тым спэцыфічным "дыялёгу", што зарганізавала прэзыдэнцкая адміністрацыя. Паколькі на погляд Лябедзькі, гэты "дыялёг" зарганізаваны толькі дзеля таго, каб паказаць прадстаўнікам эўрапейскай парлямэнцкай тройкі, якія прыехалі ў Беларусь, што тут пачаўся зрух у нутрыпалітычным дыялёгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG