Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка загадаў да верасьня навесьці парадак у беларускім войску. Паводле Лукашэнкі, у вайсковых частках дрэнна з дысцыплінаю і ня ў лепшым стане вайсковая тэхніка. Гэтыя ды іншыя праблемы беларускага войску разглядаліся сёньня пад час адмысловае нарады ў кіраўніка Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў правесьці агляд усяго беларускага войску. Ён мае намер зрабіць гэта праз паўгады, на пачатку восені, а за гэты час раіць генэралам навесьці ў вайсковых частках парадак.

Пра стан справаў у войску Лукашэнка сказаў, што ён ня згодны, быццам там развал, але пагадзіўся, што праблемаў хапае. Перш за ўсё кіраўнік Беларусі загадаў палепшыць дысцыпліну ды прывесьці ў парадак зброю і вайсковую тэхніку. "Калі хаця б адзін аўтамат ці пісталет будзе ў верасьні не гатовы да бою, я ўжо не кажу пра бранятэхніку, то сядзеце у турму", – гэтак, згодна з агэнцыяй "Інтэрфакс", папярэдзіў Лукашэнка кіраўніцтва Міністэрства абароны. Зьвестак пра тое, чаму менавіта верасень абраны пэрыядам баягатоўнасьці, крыніцы, якія ўдзельнічалі у нарадзе, не паведамляюць.

Паводле прэсавых службаў Рады Бясьпекі й Міністэрства абароны, пад час паседжаньня шмат гаварылі пра заробкі вайскоўцаў. Лукашэнка пагадзіўся, што беларускія вайскоўцы атрымліваюць няшмат, што пэўная частка афіцэраў нават звальняецца. "Вы, пэўна забылі, што такое – служыць на Кушцы ці ў Забайкальскай вайсковай акрузе… І на вайну мы сваіх вайскоўцаў не пасылаем", – гэтак апраўдваў Лукашэнка нізкі ўзровень заробкаў беларускіх афіцэраў у параўнаньні з расейскімі.

У выніку, згодна з крыніцамі, Лукашэнка даў зразумець, што вайскоўцам ня варта разьлічваць на падвышэньне заробкаў да расейскага роўню й нават не абяцаў невялікае прыбаўкі ў блізкай будучыні. Толькі зазначыў, што ў прынцыпе гатовы разглядаць пытаньні грашовага забесьпячэньня, але спачатку дзейных афіцэраў, а толькі потым вайсковых пэнсіянэраў.

Па камэнтар да вынікаў сёньняшняй нарады я зьвярнуўся да былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага. Ён выказаў абурэньне тым станам, у якім сёньня апынулася беларускае войска, і наўпрост зьвязаў гэты стан з палітыкаю Лукашэнкі. "Калі ўзяць тыя ж заробкі, то тут справы за апошнія гады толькі пагоршаліся", – зазначыў былы міністар.

Паводле Казлоўскага, беларускія вайскоўцы атрымліваюць непараўнальна менш за ўсіх суседзяў: у 7-10 разоў менш за польскіх афіцэраў, у 2-3 разы менш за расейцаў і нават на 20-30 адсоткаў – за ўкраінцаў. "Летась грашовы фактар спрычыніўся да ледзь не паловы звальненяў з войску", – лічыць Павал Казлоўскі.

На ягоную думку, калі не падвысіць заробак хаця б на 30-40 адсоткаў, звольняца і яшчэ некалькі тысячаў малодшых і сярэдніх афіцэраў, і гэтую страту зкампэнсаваць будзе немагчыма. А значыць, баяздольнасьць войску зьнізіцца да непрымальнага роўню, – мяркуе Казлоўскі.

На ягоную думку, кіраўнікам краіны нельга ня ўлічваць настроі афіцэраў. "У войску ж ўсе ведаюць, што афіцэры службы бясьпекі Лукашэнкі атрымліваюць у два разы больш. Нават міліцыянты зарабляюць на 50 адсоткаў болей за вайскоўцаў. Бюджэт Міністэрства абароны – каля 80 мільярдаў, Міністэрства нутраных справаў – ледзь не ўдвая больш – 140 мільярдаў. Гэта красамоўна сьведчыць, каму аддадзеная перавага й хто больш атрымлівае дапамогі", – кажа Казлоўскі.

Адносна будучае праверкі баягатоўнасьці пісталетаў і аўтаматаў былы міністар заявіў: "Замяніць дэтальку ў пісталеце няцяжка, а вось што рабіць з 80 адсоткамі самалётаў, якія наляталі ўвесь рэсурс? Чым замяніць 60 тысячаў акумулятарных батарэяў, безь якіх не паедзе ані танк, ані БТР? Праблемы войску значна цяжэйшыя, але я пакуль ня бачу, каб да іх ставіліся па-сапраўднаму сур'ёзна", – лічыць былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

XS
SM
MD
LG