Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора ўвечары Ёрг Гайдэр неспадзявана падаў у адстаўку з пасады лідэра нацыяналістычнай Партыі Свабоды. Ягона партыя, вядомая найперш сваёй антыімігранцкай рыторыкай, прыйшла да ўлады ў выніку працяглага ўрадавага крызісу. Аглядальнікі лічаць, што адстаўка Гайдэра – гэта вынік дыскамфорту Вены з прычыны міжнароднай ізаляцыі краіны, але таксама – тактычны крок самога Гайдэра, разьлічаны на ягоную далейшую палітычную кар'еру.

Прычыну сваёй адстаўкі Ёрг Гайдэр патлумачыў жаданьнем дапамагчы кааліцыйнаму ўраду, які апынуўся ў частковай ізаляцыі з боку астатніх 14-ці краін Эўразьвязу. Эўразьвяз замарозіў адносіны зь Венай і абмежаваў палітычныя кантакты з новым урадам Аўстрыі.

Учора міністар замежных справаў Бэльгіі Луі Мішэль адкрыта заявіў, што жадае ўраду Аўстрыі адстаўкі. Лідэр Партыі Свабоды добра ведае пра настроі у эўрапейскіх сталіцах. "Я хачу пазьбегнуць уражаньня, што 6-ць нашах міністраў зьяўляюцца марыянэткамі ў руках "ценявога канцлера" з Карынтыі," – сказаў Гайдэр.

Кіраўніцтва Партыі Свабоды, якую ўзначальваў з 86-га году, ён перадаў сваёй намесьніцы 39-гадовай Зузане Рыз-Пассэр. Яна вядомая сваёй бяскрытычнай ляяльнасьцю ў дачыненьні да Гайдэра і атрымала мянушку "кобра караля". Адначасова лідэр Партыі Свабоды заявіў:

(Гайдэра: ) "Я хачу даць ясна зразумець, што не сыходжу з палітычнай сцэны, але нашая партыя павінна стварыць іншую канстэляцыю лідэраў".

Гайдэр сказаў, што застаецца ў кіраўніцтве партыі і не выключае, што ў будучыні будзе кандыдаваць на пасаду канцлера. На пытаньне, ці ён паддаўся міжнароднаму ціску, Гайдэр заявіў: "Мы не прымаем зьнешняга ціску…Мы прызвычаіліся самі прымаць рашэньні".

Апазыцыйныя палітыкі лічаць рашэньне Гайдэра тактычным крокам. Аляксандар Ван Дэр Бельлен, лідэр Партыі зялёных, якая мае ў парлямэнце 14 месцаў, заявіў, што гэта "тыповая гульня Гайдэра, і яшчэ адзін палітычны трук". Паводле газэты " Курьер" кааліцыйныя лідэры не хаваюць, што гэткім чынам Гайдэр спрабуе неўтралізаваць міжнародную крытыку ў адрас Аўстрыі. З другога боку для Гайдэра гэта вельмі выгадная сытуацыя, паколькі ён можа сказаць, што "ахвячраваў сабою дзеля краіны". Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што гэты крок Гайдэра дазволіць яму пазьбегнуць адказнасьці за дзейнасьць ураду, калі б той страціў папулярнасьць ў грамадзтве.

На думку Крысты Цэхлінг, аўтаркі кніжкі пра Гайдэра, ён падаў ў адстаўку, паколькі яму прыкра, што заходнія ўрады і СМІ не прымаюць ягоныя тлумачэньні. На думку пісьменьніцы, Гайдэру надакучыла бясконца прасіць прабачэньня і ён хоча, каб яго лічылі дзяржаўным дзеячом. Уся праблема ў тым, што Гайдэр не дзяржаўны дзеяч, лічыць Крыста Цэхлінг.

Томас Прынцгорн, намесьнікі спікэра парлямэнту, не хавае намераў Гайдэра. "Гэта крок назад, які неабходны, каб у свой час зрабіць два крокі наперад," – сказаў ён.

Мабыць, улічваючы ўсе падтэксты адстаўкі Гайдэра, заходнія ўрады адрэагавалі на яе даволі стрымана. Злучаныя Штаты прывіталі гэты крок, але заявілі, што будуць далей уважліва назіраць за аўстрыйскім урадам. "Гэта не здымае нашай заклапочанасьці тым, што Партыя Свабоды далей застаецца ва ўрадзе," – адзначыў прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпаратамэнту ЗША Джэймс Рубін. З боку Эўразьвязу не было яшчэ афіцыйнай рэакцыі, але прагучэлі некаторыя выказваньні з боку паасобных палітыкаў. Прадстаўнік Эўразьвязу заявіў ў Брусэлі, што перш чым пракамэнтаваць крок Гайдэра, "мы хацелі б ведаць сапраўдныя прычыны адстаўкі, і што гэта на самой справе азначае". Сёньня прэм'ер Партугаліі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе, Антоніё Гутэрэс выказаў думку, што адстаўка Гайдэра ня хутка паўплывае на ўрэгуляваньне адносінаў Аўстрыі з Брусэлем. Гэтак жа як і Джэймс Рубін, ён адзначыў, што ключавое значэньне мае характар Партыі Свабоды, а не характар Ёрга Гайдэра. У кожным разе палітычнае аблічча партыі не зьмяняецца з дня на дзень. Не падлягае сумневу, што эўрапейскія сталіцы будуць сачыць за тым, якую ролю Гайдэр будзе адыгрываць далей.

Для партнэраў Вены ў Эўразьвязе сытуацыя ў Аўстрыі надзвычай клапатлівая, паколькі яна уздымае адно прынцыпова важнае пытаньне: ў якой сытуацыі і на колькі Брусэль можа ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых краінаў? Эўразьвяз можа быць занепакоены ростам папулярнасьці нацыяналістычнай партыі Гайдэра, але гэта былі дэмакратычныя выбары. У кастрычніку Партыя Свабоды набрала 27% галасоў, а згодна апытаньням у наступных выбарах набрала б яшчэ больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG