Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 28 лютага)
Ці будуць беларусы аднаўляць разбураную Чачню? Што стаіць за ініцыятываю афіцыйнага Менску накіраваць туды брыгады будаўнікоў?

Ініцыятыва накіраваць беларускіх будаўнікоў дзеля аднаўленьня разбураных аб'ектаў ў Чачні, на першы погляд, выглядае вельмі дзіўна. І нават не таму, што Лукашэнка шмат разоў казаў пра тое, што беларускіх хлопцаў там ніколі ня будзе. Справа ў іншым – толькі што афіцыйныя ўлады ў Менску вымушаныя былі прызнаць, што будаўнічыя пляны, асабліва жыльля, за мінулы год у краіне цалкам праваленыя.

Лукашэнка, як звычайна, строга папярэдзіў кіраўнікоў галіны й паабяцаў электарату павялічыць тэмпы будаўніцтва. Што ж вымушае яго цяпер зьмяніць пляны? Адказ кароткі й просты – адсутнасьць грошай, якія цяпер патрэбныя, бадай, як ніколі.

Пад час нядаўняга візыту ў Менск першага віцэ-прэм'ера расейскага ўраду Міхала Касьянава яго прасілі даць для Беларусі стабілізацыйны крэдыт памерам 100 мільёнаў даляраў. Касьянаў адмовіў, спаслаўшыся на тое, што вайна ў Чачні каштуе Расеі вельмі дорага. Тады й нарадзілася ідэя сваеасаблівага абмену – Беларусь пастаўляе ў Чачню будаўнікоў і будаўнічыя матэрыялы, а Масква ўзамен дае крэдыт.

Дзеля дэталёвае распрацоўкі праекту ў суботу, 26 лютага, у Менск павінны быў прыбыць у рамках рабочае паездкі паўнамоцны прадстаўнік расейскага ўраду ў Чачні Мікалай Кошман. Але яго так і не дачакаліся. Паводле некаторых крыніцаў, спадар Кошман у гэты дзень быў заняты больш важнымі справамі – ён прапанаваў перанесьці сустрэчу на 3 сакавіка, і беларускі бок вымушаны быў пагадзіцца. Ёсьць дамоўленасьць, што зь ім сустрэнецца выканальнік абавязкаў старшыні ўраду Беларусі Ўладзімер Ярмошын.

Між тым, кожны разумее ўсю небясьпеку працы ў Чачні. І ня толькі таму, што там рэгулярна зьнікалі людзі, у тым ліку й будаўнікі. Існуе рэальная рызыка пад час будаўнічых работ падарвацца на незаўважаных мінах, "падхапіць" халеру, якая дарэчы, буяла ў Чачні пасьля першае вайны; выпадкова стаць ахвяраю партызанскіх дзеяньняў… Але гэта, падобна, не палохае беларускіх кіраўнікоў. Галоўнае – атрымаць крэдыт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG