Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Працягвае разгарацца прадпрымальніцкі канфлікт у гандлёвым цэнтры на станцыі мэтро "Купалаўская" у Менску.

Перамовы вялі прадстаўнікі прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" і акцыянэрнага таварыства "Кампанія Менскі аптовы рынак". Лідэраў "Садружнасьці" Віктара Вяржбіцкага й Кацярыну Навумовіч скіраваў на перамовы сход прыватных прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру "Купалаўскі".

(Гукавая застаўка сходу, дзе чуюцца галасы: "Дзяржава губляе грошы", "Хто за гэта адкажа?", "…Губляе з-за некалькіх чалавек, якія навязваюць нам зусім невыканальныя ўмовы".)

Прыватныя прадпрымальнікі "Купалаўскага", паводле іхных словаў, жадаюць як мага хутчэй выйсьці на працу. Але ня могуць. Кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства дамагаецца, каб яны пагадзіліся на новыя ўмовы арэнды. А менавіта – хоча, каб за арэнду плацілі валютаю. Паводле стаўкі – 120 даляраў за адзін квадратны мэтар гандлёвых плошчаў. Дробныя бізнэсмены лічаць гэта рабаўніцтвам. Яны, як прагучала на сёньняшнім сходзе, гатовыя плаціць, але беларускімі рублямі й паводле афіцыйнага абменнага курсу. Якраз гэтую іхную пазыцыю і абаранялі на перамовах прадстаўнікі прафэсійнага саюзу.

(Гукавая застаўка сходу, дзе чуецца: "Мы хочам даць грошы дзяржаве, але яна ня хоча браць", "Чаму б ня браць рублямі?", "Прамыя страты для дзяржавы".)

Лідэры "Садружнасьці" вярнуліся зь перамоваў бяз пэўных рашэньняў. Паводле іхных словаў, процілеглы бок узяў перапынак да пятніцы.

Нягледзячы тое, што канфлікт набыў грамадзкае гучаньне, акцыянэрнае таварыства ня можа адмовіцца ад першапачатковых патрабаваньняў. Паколькі, маўляў, аплочваць арэнду валютаю – указаньне "зьверху". Кацярына Навумовіч так пракамэнтавала супрацьстаяньне ў "Купалаўскім" гандлёвым цэнтры: "Калі дапускаюць кухарку да кіраваньня дзяржаваю, узьнікае той жа сындром. Навошта губляць грошы? Варта браць паводле дзейнай сыстэмы: у далярах па курсу. Ужо месяц як людзі бяз працы і ўжо месяц як дзяржава церпіць страты", – паведаміла спадарыня Навумовіч.

Такім чынам, пасьля сёньняшняга дня 117 прыватных прадпрымальнікаў "Купалаўскага" па-ранейшаму застаюцца бяз працы. Паводле падлікаў удзельнікаў сходу, з-за іхнага прастою ў лютым дзяржава не далічылася 70 тысячаў даляраў.

Яшчэ прагучала, што адказнасьць за гэта на камандзе былога кіраўніка Менску Ўладзімера Ярмошына, які цяпер узначальвае ўрад.

XS
SM
MD
LG