Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы прэм'ер Міхал Чыгір заявіў пра недавер да калегіі гарадзкога суда, якая разглядае ягоную справу. Падсудны і ягоныя адвакаты лічаць, што судзьдзя Васілевіч з памочнікамі зацікаўленыя ў тым, каб вынесьці Чыгіру абвінаваўчы прысуд.

На сёньняшнім судовым паседжаньні нечакана абвастрыліся адносіны паміж бакамі – удзельнікамі працэсу: падсудным Міхалам Чыгіром разам з адвакатамі і судовай калегіяй на чале з судзьдзём Аляксандрам Васілевічам.

Спачатку адвакатка Юлія Чыгір, а потым і сам экс-прэм'ер ды ягоныя абаронцы Паганяйла й Гюнтар заявілі, што больш не давяраюць ані старшыні судовае калегіі, ані тром ягоным памочнікам. Пакуль хадайніцтва разглядалася за зачыненымі дзьвярыма, Міхал Чыгір патлумачыў, што пазыцыя суду перастала яго задавальняць: "Мяне вельмі ўрадзіла тое, што судзьдзя адмовіўся накіраваць дакумэнты на экспэртызу почырку, пасьля якое для ўсіх стала б зразумела, што я не зьяўляюся сузаснавальнікам фірмы "Каруна".

Сьледзтва хоцела б зьвязаць тое, што я, маўляў, сузаснавальнік "Каруны" і што меў нейкія стасункі з гэтай фірмаю. Але я сузаснавальнікам гэтае фірмы ня быў, і чаму суд адмаўляе мне ў праве даказаць, што я ня маю дачыненьня да гэтай фірмы – ня ведаю. Таму я заявіў адвод усяму складу суду", – сказаў Міхал Чыгір і далей выказаў меркаваньне, што суд, відаць, зацікаўлены ў абвінаваўчым прысудзе.

Абарона экс-прэм'ера яго падтрымала. Гары Паганяйла, у прыватнасьці, сказаў, што іншае рэакцыі на папярэдняе рашэньне судзьдзяў цяжка было чакаць, паколькі "гэтае рашэньне выглядае далёкім ад зацікаўленасьці ў пошуках праўды".

Гаворка йдзе пра адмову суду задаволіць адразу два вельмі важныя хадайніцтвы Міхала Чыгіра. У першым ён прасіў правесьці экспэртызу почырку аднаго дакумэнту, які знаходзіцца ў матэрыялах справы. Гэта дакумэнт аб заснаваньні фірмы "Каруна". Сьледзтва сьцьвярджае, быццам экс-прэм'ер быў сузаснавальнікам фірмы і ягоны подпіс стаіць на адной з папераў. Чыгір кажа, што гэта падробка, з дапамогаю якое сьледзтва спрабуе даказаць, быццам ён аказваў дапамогу фірме ў карысьлівых мэтах.

Здавалася б, спрэчку можна лёгка вырашыць, прызначыўшы экспэртызу. Аднак сёньня судзьдзя Васілевіч раптам адхіліў гэтую просьбу Чыгіра, спаслаўшыся на тое, дакумэнты фірмы "Каруна" суд не цікавяць.

Такі ж лёс напаткаў і хадайніцтва аб далучэньні да справы дакумэнтаў зь менскай рэгіянальнай мытні, якія, на думку Чыгіра, сьведчаць пра ягоную невінаватасьць. Прадстаўнікі мытні Ала Шлойда й Надзея Галавач, якія прыйшлі сёньня на працэс у якасьці пацярпелага боку, мелі з сабою цэлы стос розных дакумэнтаў. У адным зь перапынкаў яны паказалі Чыгіру гэтыя дакумэнты, і той убачыў сярод папераў лісты з ураду, якія падаліся яму вельмі цікавымі. Чыгір лічыць, што сьледчыя наўмысна не далучылі гэтыя паперы да матэрыялаў справы, паколькі яны разбураюць вэрсію пра ягоную віну.

Вось што сказалі Юлія Чыгір і Міхал Чыгір пра гэтыя дакумэнты…

(Юлія Чыгір: ) "Гэта паказвае нівінаватасьць Чыгіра і сьведчыць аб тым, што па віне мытні не праведзенае патрэбнае размычваньне, і фірма не заплаціла".

(Міхал Чыгір: ) "Самае галоўнае, што ў дакумэнтах напісана, што ў мытні ёсьць гарантыя, а гарантыі – няма. У тым, што сродкі не паступілі ў бюджэт, вінаватая мытня".

Суд вырашыў гэтыя дакумэнты, якія ужо фактычна былі ў судзе, да матэрыялаў справы пакуль не далучаць, а пайсьці шляхам запатрабаваньня іхных копіяў. Заўважу, што гэткае рашэньне прапанаваў суду пракурор Віктар Жынгель. Між тым, Міхал Чыгір не выключае, што зноў у суд дакумэнты ці копіі ўжо не трапяць. Паколькі гэта нявыгадна пракуратуры, а цяпер, як ён пераканаўся, і суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG