Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 28 лютага)
У Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пададзеная заяўка на правядзеньне ў сталіцы 15 сакавіка апазыцыйнай акцыі "Марш Свабоды-2". Арганізатары маюць намер вывесьці ў гэты дзень на вуліцы 100 тысячаў чалавек, і такім чынам прымусіць улады распачаць перамовы з апазыцыяй пры пасярэдніцтве АБСЭ.

У заяве арганізатараў "Маршу Свабоды – 2" 64 грамадзяніны Беларусі просяць менскія ўлады дазволіць сьвяточную дэманстрацыю й мітынг на Дзень Канстытуцыі дзеля падтрымкі перамоўнага працэсу і абароны незалежнасьці краіны. Арганізатары "Маршу" зьбіраюцца сабраць 15 сакавіка на пляцы Якуба Коласа сто тысячаў чалавек і па цэнтры праспэкту Скарыны прайсьці да пляцу Незалежнасьці, дзе мае адбыцца мітынг.

Беларускія апазыцыянэры маюць намер запрасіць дзеля назіраньня за "Маршам Свабоды" прарлямэнтароў са Злучаных Штатаў, Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы, Летувы, Украіны й Расеі, замежных амбасадараў, акрэдытаваных у Менску, а таксама прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

Як паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі адзін з арганізатараў акцыі, Зьміцер Бандарэнка, у гэты ж дзень пікеты салідарнасьці зь беларускімі дэмакратамі пройдуць у ЗША, Канадзе, Бэльгіі, Польшчы і Ўкраіне.

Галоўнай праблемаю для арганізатараў "Маршу" зьяўляецца захаваньне парадку ў часе акцыі й недапушчэньне правакацыяў і сутычак зь сіламі парадку. Кіраўнік Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік нядаўна прапанаваў правесьці круглы стол паміж апазыцыяй і гарадзкімі ўладамі, каб абмеркаваць усе магчымыя акалічнасьці й не дапусьціць паўтору падзеяў 17 кастрычніка мінулага году.

Аднак, паводле словаў Анатоля Лябедзькі, сталічныя чыноўнікі й міліцыянты не жадаюць сустракацца з арганізатарамі "Маршу Свабоды". Больш таго, на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даў сваім сілавым міністрам дакладныя ўказаньні з нагоды "Маршу Свабоды – 2". Паводле ягоных словаў, калі дэманстранты зробяць хаця б адзін крок ў бок ад закону, "то ад іх толькі ашмёткі паляцяць".

А паводле інфармацыі Анатоля Лябедзькі, шэф Міністэрства замежных справаў Юры Сівакоў нядаўна сустракаўся з курсантамі Акадэміі міліцыі і даваў ім адпаведныя парады, як паводзіць сябе з дэманстрантамі. Тым ня менш, апазыцыянэры пакуль спадзяюцца, што ўлады гэтым разам устрымаюцца ад правакацыяў. Вось што паведаміў нашаму радыё адзін зь ініцыятараў "Маршу", лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Перадусім, рыхтавацца да недапушчэньня правакацыяў; па-другое, унікнуць па меры магчымасьці імправізацыяў, якія не спрыяюць таму, каб эфэктыўна процістаяць правакацыям; па-трэцяе, улічыўшы папярэдні досьвед, досьвед кампаніі, якая папярэднічала 17 кастрычніка з боку ўладаў, і прапагандысцкай кампаніі, якая ішла пасьля 17 кастрычніка, я думаю, гэтым разам мы пастараемся не прайграць інфармацыйную вайну ні да ні пасьля маніфэстацыі. Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб 15 сакавіка адбылася магутная дэманстрацыя мірнай, стваральнай моцы беларусаў дзеля таго, каб запачаткаваць такім чынам палітычную Вясну-2000, а не абмежавацца разавай акцыяй".

– паведаміў спадар Вячорка.

На думку спадара Вячоркі, "Марш Свабоды – 2" стане своеасаблівым пачаткам дыялёгу апазыцыі з Лукашэнкам. Вячорка гаворыць, што дыялёг – гэта размова, і яна можа адбывацца з дапамогаю вулічных сродкаў. А ўдзельнічаць у іншых формах г.зв. "дыялёгу", на якім настойвае Лукашэнка, апазыцыянэры намеру ня маюць. Паводле словаў Вячоркі, Лябедзькі ды іншых удзельнікаў прэсавае канфэрэнцыі, размова з Лукашэнкам магчымая толькі ў фармаце, прапанаваным АБСЭ й пры непасрэдным пасярэдніцтве гэтай арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG