Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Каардынацыйная Рада апазыцыйных партыяў прыняла заяву, у якой выказала сваё стаўленьне да ідэі гэтак званага "шырокага грамадзкага дыялёгу", прапанаванага ўладамі. У інтэрвію "Радыё Свабода" стаўленьне да гэтай ініцыятывы Лукашэнкі выказаў кіраўнік Кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік.

Апазыцыйныя партыі ў сваёй заяве пацьвердзілі гатоўнасьць да перамоваў з уладамі ў фармаце, узгодненым летась. Апазыцыянэры лічаць неабходным пасярэдніцтва АБСЭ. Сябры Каардынацыйнае рады выказалі гатоўнасьць спрычыніцца да стварэньня пэўнай атмасфэры дыялёгу: вызваленьня палітвязьняў, спыненьня палітычна матываваных крымінальных справаў, разьняволеньня мэдыяў, свабоды мірных сходаў ды іншага.

Але аўтары заявы канстатуюць, што зараз падобныя ўмовы ў Беларусі не дасягнутыя. "Аніякі дыялёг ня можа быць заснаваны на ўльтыматыўных умовах і дыктаце аднаго з бакоў", – гаворыцца ў заяве.

Выказаць стаўленьне да ініцыятывы ўладаў я папрасіў кіраўніка Кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Ён заявіў:

(Вік: ) "У агульным пляне мы вітаем зробленую прэзыдэнтам Лукашэнкам заяву аб правядзеньні дыялёгу. Прызначаны новы кіраўнік рабочае групы ад ураду ў правядзеньні дыялёгу, і трэба паглядзець, які падыход ён абярэ, каб зрабіць гэты дыялёг зьмястоўным".

Калі Лукашэнка агучыў на мінулым тыдні сваю прапанову распачаць дыялёг з усімі палітычнымі сіламі краіны, ён асабліва падкрэсьліў, што ў гэтай справе няма патрэбы ў пасярэдніцкіх паслугах групы АБСЭ. Тое ж у канцы мінулага тыдня паўтарыў чыноўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Велічанскі, прызначаны адказным за дыялёг. Цікава адзначыць, што гэтую заяву ён зрабіў пасьля шматгадзіннае размовы са спадаром Вікам.

Наконт плянаў адхіліць групу АБСЭ ад дыялёгу яе кіраўнік выказаўся наступным чынам…

(Вік: ) "З 1997 году , калі ў Беларусі зьявілася Кансультацыйна наглядальная група АБСЭ, урад узяў на сябе некалькі забавязаньняў у правядзеньні дыялёгу з апазыцыяй пры пасярэдніцтве АБСЭ. Я лічу, што роля АБСЭ і яе групы будзе заставацца істотнай ў правядзенні такога дыялёгу".

Магчыма, асцярожнасьць у выказваньнях і лідэраў апазыцыйных партыяў, і спадара Віка тлумачацца тым, што яны яшчэ спадзяюцца на посьпех сапраўдных перамоваў і ўскладаюць пэўныя надзеі на прыезд аб'яднанае дэлегацыі эўрапейскіх парлямэнцкіх арганізацыяў, якая прыбывае ў Менск заўтра.

У складзе дэлегацыі – кіраўнік рабочае групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, кіраўнік падкамітэту па Беларусі Эўрапарлямэнту Ян Вірсма, дакладчык па Беларусі палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Берэндт.

Візыт эўрапейскіх парлямэнтароў працягнецца да 4 сакавіка. У адмысловай заяве пра мэты візыту адзначаецца, што будзе зробленая спроба ўцягнуць бакі ў палітычную дыскусію ў пытаньнях Выбарчага кодэксу, стану сродкаў масавай інфармацыі і ролі ды функцыяў парлямэнту. Дэлегацыя вельмі спадзяецца на сустрэчу з Лукашэнкам.

Эўрапэйскія парлямэнтары хацелі б правесьці сустрэчу прадстаўнікоў улады й апазыцыі і дамагчыся згоды наконт парадку дня й тэрмінаў будучых перамоваў. Заўважым, што ў тэксьце заявы выкарыстоўваецца менавіта слова "перамовы".

Характарызуючы візыт, які пачынаецца заўтра, прадстаўнік Эўрапарлямэнту Ян Віесма заявіў: "На карту пастаўленая будучыня Беларусі. Парлямэнцкая "тройка" прыедзе ў Менск ня дзеля таго, каб быць пасярэднікам, а каб заклікаць бакі да дасягненьня згоды аб дакладным парадку дня перамоваў. Ніхто ня можа быць вызвалены ад адказнасьці за выпрацоўку ўзаемапрымальнага рашэньня. Ніхто ня можа навязаць сваё рашэньне й чакаць ягонага прызнаньня міжнароднай супольнасьцю".

Падобная заява – нядвухсэнсоўнае папярэджаньне, што Эўропа не прызнае рашэньняў, якія беларускія ўлады захочуць прыняць у аднабаковым парадку.

XS
SM
MD
LG