Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Камісар Рады Эўропы у пытаньнях правоў чалавека, гішпанскі дыплямат Альваро Гіль-Роблес прыбывае сёньня у Грозны для азнаямленьня з гуманітарнай сытуацыяй ў Чачні. Ягоны візыт супаў па часе з інтэнсыўнымі атакамі расейскіх сілаў на апошнія горныя ўмацаваньні чэчэнскіх партызанаў і заходнім ціскам на Расею з мэтай, каб Масква дазволіла правесьці расьсьледаваньне парушэньняў правоў чалавека ў рэспубліцы.

"Мая асноўная задача – абарона чалавечых правоў гэтых людзей," –заявіў учора Гіль-Роблес у часе наведваньня аднаго з лягераў для ўцекачоў ў Інгушэтыі.

Эўрапейскаму пасланіку спадарожнічае спэцыяльны расейскі пасланьік у пытаньнх правоў чалавека ў Чачні Ўладзімер Каламанаў. Выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін прызначыў яго ў адказ на крытыку з боку Захаду ў тым, што расейскія сілы ў Чачні дапускаюцца людабойства і гвалту ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва. Расея пасьлядоўна запярэчвае гэтым абвінавачаньням.

Аднак Гіль-Роблес ня здолее наведаць гэтак званы "фільтрацыйны лягер" для затрыманых чэчэнцаў у Чарнакозаве, у якім, як паведамляецца, адбываюцца катаваньні і згвалтаваньні людзей. Затое гэты лягер маюць сёньня наведаць заходнія рэпатэры.

"Умовы ўтрыманьня ў Чарнакозаве адпавядаюць расейскаму заканадаўству і нормам міжнароднага права," – заявіла міністэрства юстыцыі Расеі. Аднак чэчэнцы, якім удалося выйсьці на волю, паведамляюць, што вязьняў ў гэтым лягеры сыстэматычна катуюць, каб атрымаць прызнаньне, што яны дапамагалі партызанам.

"Няважна, ці ты стары ці малады. Калі ты мужчына, дык вінаваты," – заявіла 50-гадовая Зухра Хасіева.

"Чэчэнцы баяцца Чарнаказова, бо ведаюць, што будуць там бітыя, бы бяздомныя сабакі," – прызнаў адзін з ахоўнікаў лягеру, які назваў толькі сваё імя – Дзімітры.

Сем'і зьняволеных заяўляюць, што вязьняў можна выкупіць, але за вызваленьне аднаго чалавека трэба заплаціць ад 10-ці да 15-ці тысяч даляраў. 46-гадовая Зора Магамадава паведаміла, што за такую суму быў вызвалены ейны сваяк, аднак яна ня можа знайсьці грошай, каб выкупіць свайго сына Адлана Басаева, які знаходзіцца ў Чарнакозаве з 17-га студзеня. Адзін з былых вязьняў Чарнакозава Муслім Амірханаў расказаў, што ў камеры на чатыры чалавекі было памешчана 14 чалавек, якія спалі проста на бэтоннай падлозе. Толькі раз у тры дні вязьні атрымоўвалі ваду. За дванаццаць дзён зьняволеньня Амірханава пяць разоў зьбілі.

Сёньня расейскія сілы працягваюць атакі на базу чэчэнскіх партызанаў у Шатой. Паводле слоў генэрала Ўладзімера Булгакава, ў гэтым раёне згуртаваліся некалькі тысяч баевікоў. Між тым, прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ выказаў спадзяваньне, што чэчэнскі канфлікт не пашырыцца на ягоную краіну. Ён паведаміў, што грузінска-чэчэнская мяжа заблякаваная і назіраецца прадстаўнікамі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе.

Між тым, зьявіліся новыя весткі пра лёс карэспандэнта нашага Радыё Андрэя Бабіцкага, які зьнік у палове студзеня.

У пачатку лютага расейскія ўлады паведамілі, што журналіст сам згадзіўся, каб яго абмяналі на расейскіх ваеннапалонных. У сыботу расейскія ўлады прызналі, што Бабіцкі арыштаваны і знаходзіцца ў сталіцы Дагестану Махачкале. Як паведаміў адвакат Бабіцкага Аляксандар Зазуля, Бабіцкі абвінавачваецца у карыстаньні фальшывым азэрбэйджанскім пашпартам.

У інтэрвію тэлекампніі РТР журналіст заявіў, што ён сапраўды карыстаўся азэрбэйджанскім пашпартам, але ніякага іншага ён проста ня меў. Паводле Аляксандра Залулі, абвінавачаньні ў адрас ягонага кліента "несурёзныя", і яшчэ сёньня ён можа быць вызвалены. Раней Бабіцкаму інкрымінавалася прыналежнасьць да ўзброенай чачэнскай групоўкі.

Жонка Бабіцкага Людміла паведаміла, што ў пятніцу яна мела магчымасьць коратка размаўляць з мужам, аднак дагестанскія ўлады не дазволілі ім сустрэцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG