Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Падзеі на Паўночным Каўказе адбіваюцца рэхам у Беларусі. Ад кулі снайпэра ў Чачні загінуў ураджэнец і жыхар Горадні Дзьмітры Мардзіловіч. Зьвесткі пра яго падае наш карэспандэнт у Горадні Сяргей Астраўцоў.

Так склаліся сямейныя абставіны, што маці Дзьмітрыя забрала яго і малодшага сына ды зьехала ў Расею да сябе на радзіму, у Ленінградзкую вобласьць. У Горадні Дзьмітры вучыўся ў ПТВ, куды паступіў пасьля заканчэньня дзевяці клясаў сярэдняй школы. У Расеі ён ізноў пайшоў у школу, каб атрымаць поўную сярэднюю адукацыю, а ў хуткім часе яго забралі ў войска.

Хлопец паслужыў у Піцеры, а потым трапіў у Чачню і неўзабаве загінуў. Пахавалі яго ў ленінградзкай вобласьці. Было яму толькі 19 гадоў.

Канешне, узьнікаюць пытаньні. Памяняць грамадзянства – не такая хуткая справа. Але, напэўна, ня вельмі шмат знаходзіцца ахвочых служыць у расейскай арміі, таму Дзьмітрыя адразу і забралі служыць.

У вучылішчы яго памятаюць. Вучыўся на сьлесара-рамонтніка, але марыў пра вайсковую вучэльню. Адзнакі меў добрыя, займаўся спортам. Калі зьехаў, перапісваўся зь дзяўчынай, будаваў пляны на будучыню.

Рэхам чачэнскай вайны, якое дасягнула Гарадзеншчыны, можна таксама лічыць яшчэ два нядаўнія здарэньні. Грамадзяне Чачэнскай Рэспублікі Баргішаў і Мудзееў спрабавалі нелегальна перайсьці беларуска-літоўскую мяжу, мелі пры сабе па дзьве тысячы даляраў, але былі схопленыя ды засуджаныя Воранаўскім судом і апынуліся ў калёніі строгага рэжыму на год і два месяцы.

А на польскай мяжы, на КПП "Брузгі" была затрыманая група з 13 жыхароў Інтгушэтыі, якія мелі, аднак, даведкі аб тым, што яны, нібыта, уцекачы з Грознага.

XS
SM
MD
LG