Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У Менску адбылася сустрэча сябраў ініцыятаўнае групы ў скліканьні Ўсебеларускага зьезду.

Сустрэча ініцыятараў Усебеларускага зьезду адбылася ў памяшканьні Беларускага ПЭН-Цэнтру. На працягу паўтары гадзінаў удзельнікі абмяркоўвалі арганізацыйныя пытаньні. Плянуецца, што арганізацыйны камітэт будзе ўтвораны на пачатку наступнага тыдня. Бліжэйшым часам у недзяржаўнай прэсе зьявіцца кантактны тэлефон ініцыятыўнае групы. Грашовыя сродкі на правядзеньне зьезду вырашылі пачаць зьбіраць ужо сёньня.

Як вядома, у мінулую сераду 15 асобаў, у тым ліку Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Віктар Дашук, падпісалі заяву пра скліканьне Ўсебеларускага зьезду. Мэта – "заявiць усяму сьвету, што дзяржаўнасьць i дабрабыт Беларусi зьяўляюцца для ўсiх нас вышэйшымi каштоўнасьцямi, што мы нiколi не дазволiм ад нашага iмя гандляваць Радзiмаю".

Першымі ідэю скліканьня зьезду падтрымалі шэраговыя грамадзяне. Гаворыць старшыня Рады ТБМ Кастрычніцкага раёну Менску Ян Грыб.

(Грыб: ) "Як толькі зьявілася ў друку вось гэтае паведамленьне пра ініцыятыўную групу інтэлігенцыі ў справе правядзеньня Ўсебеларускаг зьезда з мэтай выратаваньня Беларусі як дзяржавы, дык сярод нашых людзей пайшло такое спантаннае абмеркаваньне. Мы хуценька сабраліся на незаплянаванае паседжаньне і абмеркавалі гэтую справу. Усе адзінадушна падтрымалі гэтую ідэю, і зь вельмі вялікім натхненьнем і задавальненьнем людзі будуць браць удзел у гэтай рабоце. Больш за тое, на наступны дзень мне патэлефанавалі беларусы Латвіі і задалі тое ж пытаньне: як узяць удзел і як падтрымаць гэтую справу? Людзі пытаюцца, як сабраць нейкія грашовыя сродкі на падтрымку гэтага мерапрыемства".

Паведаміў Ян Грыб.

За 5 дзён ініцыятыву падтрымалі буйныя палітычныя партыі, а таксама вядомыя асобы Беларусі. Паводле інфармацыі сябраў арганізацыйнае групы, прадстаўнікі ўлады паставіліся да скліканьня Ўсебеларускага зьезду варожа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG