Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


"Прапанаваны ўладамі дыялёг з ўсімі грамадзкімі сіламі не замяняе перамоваў з апазыцыяй" – да такой высновы прыйшлі сёньня сябры Кансультацыйнае Рады апызыцыйных партыяў. Сёньняшняе пазачарговае паседжаньне Рады было скліканае, каб прааналізаваць ініцыятыву пра пачатак дыялёгу, зь якой выступіў на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка.

Дакумэнту, які б афіцыйна падсумоўваў стаўленьне кіраўнікоў апазыцыйных партыяў да прапановы Лукашэнкі, пад час сёньняшняй нарады прынята не было. Але прынцыповае рашэньне выпрацаванае, і заўтра сябры Каардынацыйнае Рады прымуць адпаведную заяву. Пра высновы, да якіх прыйшлі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, распавёў ў інтэрвію "Радыё Свабода" адзін зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Пазьняка Юрась Беленькі. Ён старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні.

(Беленькі: ) "Мы вырашылі, што ў нашай заяве будзе, па-першае, што мы заўважылі прапановы выканаўчай улады весьці дыялёг; па-другое, мы лічым, што гэты дыялёг павінен уключаць у сябе паўнацэнныя перамовы паміж апазыцыйнымі партыямі і выканаўчай уладай; па-трэйцяе, мы хацелі б, каб гэтыя паўнацэнныя перамовы былі і праводзіліся на той плятформе, якая была ўзгодненая ў 99 годзе з уладамі. Маецца на ўвазе шырокі доступ да сродкаў масавай інфармацыі, функцыі парлямэнту павінны быць паўнацэннымі, гэта значыць, ён павінен быць паўнацэнным парлямэнтам, і трэйцяя – адпаведнае эўрапейскім стандартам выбарчае заканадаўства. Далей. Мы хацелі б, каб у нашай заяве занайшлі адлюстраваньне такія моманты: каб дыялёг пачынаўся пад эгідай АБСЭ, пра што гаворыцца ў Стамбульскай рэзалюцыі, і заявы Лукашэнкі пра тое, што "нам ня трэба пасярэднікаў", мы такія заявы не прымаем, мы іх адкідаем, мы хацелі б, каб у якасьці пасярэдніка АБСЭ прысутнічала тут у нас, у Беларусі, бо любое парушэньне, яно ў прынцыпе тарпедуе ўсю магчымасьць правядзеньня перамоваў".

Гаварыў адзін зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Пазьняка Юрась Беленькі.

Вельмі дакладна сфармуляваў сваю пазыцыю наконт удзелу ў дыялёгу й першы сакратар ЦК Партыі камуністаў Сяргей Калякін. На мінулым тыдні Лукашэнка заявіў, што палітычныя сілы, якія хочуць браць удзел у дыялёгу, павінны паведаміць пра сваю згоду ў адміністрацыю прэзыдэнта да 1 сакавіка. "Ці зрабілі камуністы такое паведамленьне ўладам?", – спытаў я спадара Калякіна.

(Калякін: ) "Не, не зрабілі. Вусна я і сёньня магу пацьвердзіць, што гатовы ўдзельнічаць у любым дыялёгу. Але мы яшчэ раз падкрэсьліваем, што дыялёг не замяняе працэдуры перамоваў, на якую пайшлі ўлады пры пасярэдніцтве АБСЭ. Аніякае заяўкі мы нікуды пісаць ня будзем. Мы ня лічым , што 1 сакавіка – гэта нейкі межавы тэрмін. Чаму за выходныя ўсе павінны былі строем пайсьці на дыялёг, хаця нават ўлада не сфармулявала, што гэта будзе за дыялёг, і па якому колу пытаньняў ён будзе весьціся".

Гаварыў лідэр Партыі Камуністаў Сяргей Калякін.

На сёньняшняй нарадзе прысутнічаў кіраўнік Кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік. Лукашэнка, выступаючы са сваёй ініцыятываю пра дыялёг, падкрэсьліў, што пасярэдніцкія паслугі групы АБСЭ непатрэбныя.

У мінулую суботу чыноўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Велічанскі, выступаючы па Беларускай тэлевізіі, заявіў, што група АБСЭ ўжо выканала сваю ролю каталізатара дыялёгу, і што далей ён будзе весьціся без ейнае дапамогі. Група АБСЭ афіцыйна аніяк не рэагавала на гэтыя заявы.

Але вось што распавёў у інтэрвію "Радыё Свабода" ўдзельнік сёньняшняе нарады, кіраўнік экспэртавай групы ў пытаньнях заканадаўства Міхал Пліска:

(Карэспандэнт: ) "Якая пазыцыя самога спадара Віка і пазыцыя наглядальнай групы АБСЭ ў дачыненьні да прапановы Лукашэнкі?"

(Пліска: ) "Мне так падалося, што спадар Вік стаіць на тым пункце погляду, што трэба распачаць дыялёг, але ж каб ён зноў такі ператварыўся ў сапраўдныя перамовы".

(Карэспандэнт: ) "А ці настойваў спадар Вік, каб у гэтым дыялёгу ці перамовах брала ўдзел менавіта група АБСЭ ў якасьці пасярэдніка?"

(Пліска: ) "Як я зразумеў з прамовы спадара Віка, урад разглядаў на поўным сур'ёзе такое пытаньне, каб увогуле скасаваць працу назіральнай групы АБСЭ ў Менску, але пасьля нейкіх развагаў яны вырашылі, што хай група працягвае сваю працу. І паколькі яна будзе працягваць сваю працу, дык безумоўна і пры пасярэдніцтве АБСЭ павінны адбывацца і гэтыя перамовы і дыялёг".

Гаварыў кіраўнік экспэртавай групы Каардынацыйнае рады апазыцыі Міхал Пліска.

Дарэчы, крыніца ў Кансультацыйнай групе неафіцыйна паведаміла, што ў выпадку, калі ўлады выдаляць групу АБСЭ з краіны, цалкам магчыма, што сяброўства Беларусі ў гэтай арганізацыі будзе прыпыненае.

Юры Дракахруст, Менскb>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG