Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Мы працягваем знаёміць вас з прысьвечанымі Беларусі разьдзеламі штогадовай справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце. Сёньня – разьдзелы, прысьвечаныя адвольным арыштам, затрыманьням, а таксама адсутнасьці незалежнага суда.

Улады ў Беларусі карыстаюцца толькі злёгку папраўленым савецкім заканадаўствам. На працягу 99-га году праваахоўчыя ворганы праводзілі адвольныя арышты й затрыманьні грамадзянаў – галоўным чынам за удзел у дэманстрацыях. Такім чынам, працягвалася практыка арыштаў паводле палітычных матываў.

Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі прадугледжвае права затрымліваць падазраваных у злачынстве на 24 гадзіны без усялякіх доказаў. Пракурор можа працягнуць час такога затрыманьня да 48- гадзінаў. Калі пракурор прызнае затрыманьне законным, падазраваны можа быць затрыманы на 10 содняў без прадстаўленьня афіцыйнага абвінавачаньня. У выпадку афіцыйнага абвінавачаньня справа павінна быць перададзеная ў суд праз 2 месяцы, але на практыцы пракурор можа працягнуць сьледзтва ў асобных выпадках да 18 месяцаў. З другога боку, падазраваны можа быць вызвалены пад падпіску без грашовага закладу.

Закон прадугледжвае права абскардзіць меру стрыманьня праз суд (радзей праз пракуратуру). На практыцы, аднак, суды найчасьцей падтрымліваюць меру стрыманьня, паколькі яе форма залежыць ад літасьці сьледчых, і ўлады неахвотна пераглядаюць ужо прынятае рашэньне.

Згодна з паведамленьнямі Беларускага Гэльсынскага камітэту, ў 1998-м годзе былі арыштаваныя 64 тысячы чалавек.

Паводле закону, арыштаваныя маюць права зьвярнуцца па адваката ў кожны момант, альбо ён павінен быць прызначаны судом. Аднак, звычайна сьледчыя не інфармуюць падсьледных аб іхных правох. Інфармацыя, атрыманая ад падсьледных, выкарыстоўваецца супраць іх у судзе. У выпадку прызначэньня абаронцы дзяржавай, ён, фактычна, застаецца ў сыстэме субардынацыі сілавых структураў. Магчымасьці кансультацыяў паміж затрыманамі й адвакатамі абмежаваныя.

У выпадку затрыманьня апазыцыйнага палітыка, былога прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра летась 30 сакавіка, ўлады не давалі яму сустрэцца зь ягонай жонкай, якая прадстаўляла ягоныя інтарэсы ў якасьці афіцыйнага абаронцы. Гэтае рашэньне наконт абмежаваньня было перагледжанае пазьней. Міхаіл Чыгір быў вызвалены толькі 30 лістапада – да суду.

10 жніўня Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Асацыяцыю прававой дапамогі насельніцтву – незалежную арганізацыю, якая займаецца юрыдычнай дапамогай пацярпелым у выніку перасьледу альбо жорсткага абыходжаньня міліцыі. Неўзабаве пасьля антыўрадавай дэманстрацыі 17 кастрычніка, у часе якой назіральнікі Асацыяцыі зафіксавалі шмат выпадкаў зьбіцьця грамадзянаў супрацоўнікамі органаў правапарадку, Міністэрства юстыцыі абвінаваціла гэтую арганізацыю ў тым, што яна зьмяшчае скажоную інфармацыю ў сваім выданьні. У сьнежні Міністэства юстыцыі паведаміла, што ліцэнзія на юрыдычную дзейнасць асацыяцыі можа быць скасаваная.

14 красавіка Вера Страмкоўская, выключаная раней зь Менскай калегіі адвакатаў у сувязі з крытыкай парушэньняў правоў чалавека, была абвінавачаная мясцовай пракуратурай у паклёпе. У верасьні Страмскоўская была пакліканая да Генэральнага пракурора на размову ў гэтай справе.

Як і ў 1998 годзе, летась уладамі з палітычных прычынаў былі затрыманыя сотні чалавек. Большасьць сярод іх былі затрыманыя за ўдзел у мірных дэманстрацыях на тэрмін ад некалькіх гадзінаў да некалькіх содняў. Напрыклад, Яўген Скочка, намесьнік старшыні "Маладога Фронту" атрымаў 10 содняў адміністрацыйнага арышту за арганізацыю ў Менску несанкцыянаванай дэманстрацыі 14 лютага, цягам якой былі затрыманыя на кароткі час 15 чалавек.

1 травеня, у дзень афіцыйнага сьвята працы, ў Менску былі затрыманыя 19 актывістаў апазыцыі, у тым ліку Старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч і старшыня Канргэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед.

21 ліпеня міліцыяй былі затрыманыя 53 удзельнікі несанкцыянаванай антыўрадавай дэманстрацыі, якая насіла мірны характар.

27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця дэклярацыі незалежнасьці Беларусі, былі затрыманыя 19 маніфэстантаў. Старшыня БСДП Мікола Статкевіч быў асуджаны на 10 содняў за арганізацыю мірнай дэманстрацыі. Адзін зь яе ўдзельнікаў, Яўген Асінскі, утрымліваўся ў зьняволеньні да 6-га верасьня.

17 кастрычніка былі затрыманыя 93 удзельнікі маршу пратэсту. У выніку сэрыі аднастайных прысудаў, 17 чалавек атрымалі адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 содняў. У сувязі з абвінавачаньнем у арганізацыі несанкцыяванай дэманстрацыі ў сябе дома ўвечары 19 кастрычніка былі арыштаваныя лідэры апазыцыі Мікола Статкевіч і Людміла Гразнова. Гразнова была аштрафаваная судом на 500 даляраў ЗША. Статкевіч быў выпушчаны на волю 31 кастрычніка ў выніку ўмяшаньня прадстаўніка Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Беларусі

19 кастрыніка намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька быў арыштаваны ў сувязі з удзелам у арганізацыі маршу пратэсту. Ён быў асуджаны на 10 содняў. Нягледзячы на няўдзел у маршы пратэсту сябра Маладога Фронту Яўген Афнагель атрымаў 15 содняў арышту. У пошуках незалежнага выдаўца Паўла Жука ўлады на кароткі тэрмін затрымалі ягонага сына дзеля допыту.

Як адзначаецца ў справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту, у часе антыўрадавых дэманстрацыяў афіцыйным прадстаўнікам органаў правапарадку дапамагаюць невядомыя людзі ў цывільнай форме. Паведамляецца пра выпадкі, калі гэтыя людзі пранікаюць у шэрагі дэманстантаў ды правакуюць сутычкі паміж дэманстірантамі й міліцыяй.

30 сакавіка апазыцыйны лідэр Міхаіл Чыгір быў арыштаваны паводле падазрэньня ў фінансавых махінацыях, быццм бы здьдзейсьненых у часе, калі ён узначальваў "Аграпрамбанк". Арышт адбыўся адразу пасьля публічнай рэгістрацыі Чыгіра ў якасьці кандыдата на арганізаваных апазыцыяй прэзыдэнцкіх выбарах з нагоды заканчэньня пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Нягледзячы на пратэсты з боку АБСЭ і многіх замежных дзяржаваў Чыгір утрымліваўся ў зьняволеньні да 30 лістапада.

Тэрмін утрыманьня пад вартай дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава, арыштаванага ў лютым 1998-га году па абвінавачаньні ў фінансавых парушэньнях, неаднаразова працягваўся да суду. Правабаронцы лічаць, што справа Клімава, які публічна крыткаваў Лукашэнку, мае палітычны характар. У сьнежні ён быў зьбіты ў часе судовага працэсу некалькімі ахоўнікамі ў турме.

Далей у справаздачы прыводзяцца абставіны судовых працэсаў над былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым і былым старшынём гаспадаркі "Расвет" Васілём Старавойтавым, а таксама ўтрыманьне пад вартай былой старшыні Нацыянальнага Банку Тамары Віньнікавай.

У сувязі са справай Старавойтава падкрэсьліваецца, што акцыянэрнае таварыства "Расвет", якое дэманстравала незалежнасьць ды эфэктыўнасьць у справе аграрнай рэформы, адразу пасьля арышту старшыні было рэнацыяналізаванае дзяржавай.

Як адзначаецца ў справаздачы, агульную колькасьць папярэдне затрыманых назваць немагчыма. Толькі ў жніўні 1998 году колькасьць такіх затрыманых у Беларусі склала прыблізна 11 тысяч чалавек.

XS
SM
MD
LG