Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

(эфір 26 лютага)
Як мы ўжо паведамлялі, у пятніцу ў Вашынгтоне апублікаваная штогадовая справаздача Дзяржаўнага Дэпарамэнту ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце. Вялікі разьдзел у ёй прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі.

Афіцыйнае прадстаўленьне гэтага дакумэнту, падрыхтаванага амэрыканскай адміністрацыяй, адбудзецца ў панядзелак у Менску, у інфармацыйным цэнтры ЗША. На гэтае мерапрыемства запрошаныя прадстаўнікі грамадзкіх, найперш – праваабарончых беларускіх арганізацыяў. Мы спадзяемся атрымаць у сувязі з гэтым камэнтары ад беларускіх палітыкаў ды праваабаронцаў.

А сёньня мы пачынаем знаёміць нашых слухачоў са старонкамі справаздачы, прысьвечанымі парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.

У першым разьдзеле справаздачы аб Беларусі пад назвай "Павага да недатыкальнасьці асобы" вялікае месца займае падразьдзел "Зьнікненьні". У якасьці яскравых прыкладаў тут прыводзяцца абставіны зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі 7 травеня 1999 году і намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Віктара Ганчара разам зь ягоным сябрам, прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім 16 верасньня 1999 году.

У падразьдзеле "Катаваньні ды іншыя выпадкі негуманнага, зьневажальнага абыходжаньня альбо пакараньняў" адзначаецца, што канстытуцыя 1996 году забараняе гвалтоўныя дзеяньні альбо ўжываньне катаваньняў, а таксама бесчалавечнае, зьневажальнае да чалавечай асобы абыходжаньне. У той самы час, міліцыя й турэмны пэрсанал зьбіваюць вязьняў. Правілы ўнтуранага распарадку ў турмах дазваляюць турэмнаму пэрсаналу выкарыстоўваць фізычную сілу супраць затрыманых ды арыштантаў, калі яны ня слухаюцца альбо парушаюць інструкцыі адміністрацыі альбо праяўлялі зласьлівасьць у часе тэрміну свайго зьняволеньня.

Акрамя таго, назіральнікі-праваабаронцы паведамляюць, што сьледчыя дамагаюцца сваіх мэтаў сілай і з дапамогай псыхлягічнага прэсінгу, зьбіваючы падсьледных. Хаця такія паводзіны супярэчаць закону, урад рэдка, амаль ніколі, не карае тых, хто ў гэтым вінаваты. Ужываньне сілы з боку ахоўнікаў супраць затрыманых таксама сталася паўсядзённай зьявай.

У справаздачы прыводзяцца канкрэтныя выпадкі. Напрыклад, актывіст апазыцыі, удзельніца несанкцыянаванай дэманстрацыі 2 красавіка ў Менску Галіна Куніна была зьбітая супрацоўнікамі правааховы ў цывільнай форме ў часе несанкцыянаванай дэманстрацыі. 10 яе удзельнікаў, у тым ліку 9 гарнякоў, былі затрыманыя. Куніна была шпіталізаваная.

25 красавіка ОМОН у Горадні ўжыў дубінкі і сьлезацечны газ супраць мірных дэманстрантаў у гадавіну чарнобыльскай катастрофы. 9 чалавек былі затрыманыя на тэрмін ад 2-х да 4-х содняў.

17 ліпеня Уладзімер Антонаў, сябра Маладога фронту быў затрыманы міліцыяй у Менску за выкрыкваньне антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў…

У справаздачы згадваецца таксама праблема так звнай "дзедаўшчыны" у войску. Існаваньне гэтай праблемы яшчэ ў 1996-м годзе адзначыў міністар абароны Беларусі. Аднак, гаворыцца ў дакумэнце, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, у першыя 8 месяцаў мінулага году былі ўзбуджаныя 48 справаў у сувязі зь "дзедаўшчынай". У 98-м годзе такіх справаў было 73.

Умовы ўтрыманьня зьняволеньных, гаворыцца далей у справаздачы, вельмі кепскія, турмы перапоўненыя, у іх не хапае ежы й лекаў, сярод зьняволеных распаўсюджаныя такія хваробы як сухоты, сіфіліс і СЬНІД. Умовы ў турэмных шпіталях таксама кепскія.

Прадстаўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, якія наведалі месца зьняволеньня ў Віцебску летась у чэрвені, бачылі ў адной камэры 16 жанчынаў, якім адводзілася 10 ложкаў; у іншай камэры было 8 ложкаў на 14 падлеткаў узростам ад 14 да 17 гадоў.

3 лістапада 1999 году міністар унутраных справаў Беларусі Юры Сівакоў публічна прызнаў, што ў турмах на той момант знаходзілася 60 тысячаў зьняволеных, і што ўмовы іхнага ўтрыманьня не адпавядаюць элемэнтарным патрабаваньням. Мужчыны й жанчыны ў турмах утрымліваюцца адасоблена. У часе інспэктаваньня ў Гомелі летась 22 чэрвеня міністар Сівакоў зазначыў у інтэрвію афіцыйным СМІ, што ў "папраўчай установе", якую ён наведаў, разьлічанай на 1350 зьняволеных, утрымліваюцца 2800 чалавек.

Праваабаронцы, якія займаюцца ўмовамі ўтрыманьня зьняволеных, адзначаюць, што ўрад адмовіў ім у наведваньні ў турмах некаторых асобаў. Прадстаўніком КНГ АБСЭ, напрыклад, было адмоўлена наведаць у камэры былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і былога старшыню гаспадаркі "Расвет" Васіля Старавойтава. У той жа час, адзін з прадстаўнікоў КНГ меў сустрэчу зь Віктарам Ганчаром, у часе яго ўтрыманьня пад адміністрацыйным 10-дзённым арыштам у сакавіку летась.

Мы пазнаёмілі вас з падразьдзелам "Катаваньні й бесчалавечнае абыходжаньне са зьняволенымі ў Беларусі".

У нашых далейшых праграмах мы зьвернемся да падразьдзелу "Арышты й затрыманьні".

XS
SM
MD
LG