Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора ў часе свайго візыту ў Беларусь міністар замежных справаў Расеі Іваноў заявіў, што "Беларусь дэманструе на практыцы сваё імкненьне да правядзеньня дэмакратычных выбараў". У часе прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў, што "крытычнае стаўленьне з боку Захаду да сытуацыі ў Беларусі гэтак жа неаб'ектыўнае, як неаб'ектыўнае яно ў дачыненьні да вайны на Паўночным Каўказе". Аднак ці паняцьце "дэмакратычнасьці" выбараў адпавядае крытэрыям аўтарытэтнай ў гэтым пытаньні Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе?

З пытаньнем, што для АБСЭ азначаюць паняцьце "свабодныя і справядлівыя" выбары, наш карэспандэнт Сара Марцін зьвярнулася да Грайра Бальяна, які ўзначальвае сэкцыю, званую Бюро Дэмакратычных Інстытутаў і Правоў Чалавека. Бальян адказны ў АБСЭ за накіраваньне ва ўсе 54-ы краіны АБСЭ назіральных групаў. Назіральнікі ад АБСЭ сочаць за ўсім выбарчым працэсам. Перад галасаваньнем яны глядзяць, як адбываецца рэгістрацыя выбаршчыкаў і кандыдатаў, і ці яны маюць аднолькавы доступ да сродкаў масавай інфармацыі, і ці СМІ належным чынам асьвятляюць кампанію. У сам дзень выбараў назіральнікі сочаць за самім галасаваньнем, падлікам галасоў і абвяшчэньнем вынікаў. Нарэшце, яны прысутнічаюць пры ўступленьні пераможцаў на пасады.
Назіральнікі АБСЭ атрымоўваюць падрабязныя інструкцыі якія выбары яны могуць прызнаць "свабоднымі і справядлівымі". У інтэрвю нашаму радыё Спадар Бальян так патлумачыў сэнс гэтых двух паняцьцяў:

(Бальян: ) "Свабода выбараў палягае ў тым, ці выбаршчык мае магчымасьць аддаць свой голас бяз якога-небудзь ціску зь любога боку. Справядлівасьць выбараў абумоўленая такімі ўмовамі, у якіх усе кандыдыты і палітычныя партыі маюць магчымасьць свабодна спаборнічаць ў часе выбарчай кампаніі".

Лічыць Грайр Бальян. Аднак "свабода і справядлівасьць" – не адзіныя крытэрыі дэмакратычных выбараў. АБСЭ сочыць за тым, хто у дадзенай краіне мае права голасу, а хто яго пазбаўлены. Яны настойваюць таксама на тым, каб увесь выбарчы працэс быў "празрыстым", каб галасаваньне было тайным, і каб урад быў падсправаздачны, гэта значыць, каб ён ня мог маніпуляваць вынікамі галасаваньня.

XS
SM
MD
LG