Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Старэйшае і самае вялікае прадпрыемства ў Пінску – дрэваапрацоўчае аб'яднаньне "Пінскдрэў" апынулася на мяжы банкруцтва. Упершыню за шмат гадоў супрацоўнікам ня выплацілі трынаццаты заробак, сузаснавальнікам – дывідэнты, а замест чарговага заробку далі так званы "спажывецкі кошык".

Тое, пра што гавораць ня толькі на самім прадпрыемстве, але й паўсюль у горадзе, было афіцыйна агучана генэральным дырэктарам аб'яднаньня Ларанам Марынічам падчас сходу гаспадарчага актыву гораду. Прадпрыемства, якое ёсьць асноўным плацельшчыкам падаткаў і штрафаў у бюджэт і дае заробак 5 тысячам чалавек, можа вельмі хутка разваліцца.

Сярод асноўных прычынаў тое, што цягам году ўрад не даваў падвышаць кошты на мэблю, у той час, як сыравіна, матэрыялы і энэрганосьбіты значна падаражэлі. У выніку, прадпрыемства вымушанае жыць у крэдыт: трэба аддаваць мільярдныя пазыкі беларускім банкам ды мільённыя даўгі ў валюце заходнім вытворцам за пастаўленае абсталяваньне. У той жа час 40 адсоткаў замежнай валюты, атрыманай ад экспарту, "Пінскдрэў" вымушаны аддаваць дзяржаве па курсе, які ўтрая меншы ейнага рэальнага кошту.

Аднак, калі прадпрыемству неабходная валюта, прыкладам, на набыцьцё замежных матэрыялаў ці абсталяваньня, на біржы сваю ж валюту трэба купляць утрая даражэй. Але й за беларускія рублі на пачатку году рэалізацыю мэблі давялося спыніць амаль на цэлы месяц, пакуль эканамісты не разабраліся з падаткам на даданую вартасьць.

На думку дырэктара прадпрыемства, шматлікія, часам, супярэчлівыя пастановы, дэкрэты і ўказы вымушаюць кожнага разу наймаць дадатковых спэцыялістаў і, папросту, не даюць займацца вытворчасьцю.

У дадатак да ўсяго, паводле нядаўняга рашэньня абласнога выканаўчага камітэту, "Пінскдрэў" павінен закупіць 5 тысячаў тон збожжа, а на гэта патрэбна каля 600 тысячаў даляраў. І гэта ў той час, калі грошай не хапае нават на бягучы рамонт абсталяваньня, не кажучы пра ягоную замену.

Акрамя збожжа, прадпрыемства прымушаюць дапамагаць выконваць праграму "Жыльлё", будаваць лядовыя палацы, купляць лекі і г.д., аднак на ўсё гэта грошай ужо няма. Даведзены да адчаю, Марыніч адкрыта сказаў пра тое, пра што ўвесь час думаюць, але баяцца сказаць іншыя кіраўнікі.

Напрыканцы свайго выступу спадар Марыніч, выказаў спадзяваньне, што ўрад нарэшце зробіць тэрміновыя захады па стабілізацыі эканомікі. Інакш адзін зь лідэраў айчыннае дрэваапрацоўчае прамысловасьці, прадпрыемства са 120-гадовай гісторыяй можа спыніць сваё існаваньне.

XS
SM
MD
LG