Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 24 лютага)
Апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб парадку перадачы зямельных участкаў ва ўласнасьць юрыдычных асобаў. Згодна зь ім, прыватныя фірмы, а таксама прадпрыемствы із замежнымі інвэстыцыямі атрымліваюць фармальнае права набываць ва ўласнасьць надзелы зямлі, на якіх знаходзяцца ці ўзводзяцца іхныя аб'екты. Згоду на продаж зямлі у кожным канкрэтным выпадку дае асабіста Лукашэнка.

Паводле гэтага ўказу Лукашэнкі, працэдура набыцьця зямельных дзялянак надзвычай складаная. Юрыдычныя асобы, якія хочуць прыватызываць зямельны надзел, на якім месьціцца іхная фірма, мусяць сабраць шмат дазволаў розных дзяржаўных установаў, і разам з адпаведным хадайніцтвам падаць у ворган мясцовае ўлады. Калі ў мясцовага выканаўчага камітэту няма да дакумэнтаў аніякіх прэтэнзіяў, хадайніцтва перадаецца ў гарадзкую ці вабласную "вэртыкаль", далей у Савет міністраў і нарэшце – на асабістае зацьвярджэньне да Лукашэнкі. Прычым, у кожнай з інстанцыяў хадайніцтва разглядаецца ня менш за месяц.

Кошт зямлі, што прадаецца ва ўласнасьць, будзе вызначаць сам Лукашэнка. Беларускім фірмам дазваляецца рабіць аплату ў нацыянальнай валюце, прадпрыемствам з доляй замежнага капіталу – толькі ў іншаземнай, а замежным кампаніям зямля навогул прадавцца ня будзе. Ня будуць прадавацца й землі сельскагаспадарчага прызначэньня.

Некаторыя спэцыялісты ў Беларусі лічаць, што пайсьці на такі крок, які супярэчыць вынікам рэфэрэндуму 96-га году (тады насельніцтва нібыта прагаласавала супраць прыватнае ўласнасьці на зямлю), Лукашэнку прымусіла катастрафічная сытуацыя ў эканоміцы й вострая патрэба ў грошах. Таксама ня выключана, што дазволіць продаж часткі зямлі беларускаму кіраўніцтву настойліва параілі расейскія хаўрусьнікі – маўляў калі хочаце з намі інтэгравацца, то прывядзіце сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з нашым. А ў Расеі падобны закон дзейнічае даўно.

У Дзяржаўным камітэце зямельных рэсурсаў, дзе быў распрацаваны праект гэтага ўказу, камэнтаваць падпісаны Лукашэнкам дакумэнт адмовіліся, спаслаўшыся на адсутнасьць аўтара праекту.

А вось што думае пра указ вядомы палітоляг і эканаміст Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) "Праблема ў тым, што мы ня маем сытуацыі, калі сур'ёзны інвэстар зможа даць інвэстыцыі, каб ня мець правоў на гэтую зямлю. Але гэта дае мэханізм, каб наменклатура набывала нейкія ўчасткі. Але гэта – іншая справа. Галоўная мэта – мець патрэбныя для наменклатуры і ўсіх яе сваякоў участкі, фактычна, замацаваньне за намэнклатурай, за вэртыкальлю і прэзыдэнцкім атачэньнем гэтай зямлі".

Гэта быў Аляксандар Патупа.

XS
SM
MD
LG