Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

XXI стагодзьдзе прынясе беларускім праваабаронцам новыя непрыемнасьці: зь 1 студзеня ўвайшоў у моц новы Крымінальны кодэкс, паводле якога ў судох краіны будзе скасаваная практыка грамадзкіх абаронцаў. Пра гэта сказаў у сваім выступе на круглым стале з нагоды абмеркаваньня Дэклярацыі ААН аб правох ды абавязках праваабаронцаў вядомы адвакат Гары Паганяйла.

Поўная назва гэтага ААНаўскага дакумэнту даволі грувасткая – "Дэклярацыя аб праве ды абавязку адрозных асобаў, групаў ды ворганаў грамадзтва заахвочваць ды абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды". Таму арганізатары круглага стала – а гэта Беларускі ПЭН-цэнтар ды прадстаўніцтва ААН у Беларусі – карыстаюцца скарочаным назовам Дэклярацыі.

Яна была прынятая Арганізацыяй Аб'яднаных Нацыяў на юбілейнай сэсіі 9 сьнежня 1998 году, аднак да сёньня так і не надрукаваная ў Беларусі. Прычыны зразумелыя – Дэклярацыя не ўштукоўваецца ў практыку абыходжаньня ўладаў з праваабаронцамі.

Але ня толькі. Як сказаў віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман – няведаньне міжнародна прызнаных мэханізмаў праваабарончае дзейнасьці не дае нашым суайчыньнікам мажлівасьці эфэктыўна выступаць ў вабарону агульнапрызнаных правоў ды свабодаў беларускіх грамадзянаў.

У выніку яны почасту нават ня ведаюць усіх мэханізмаў, якія могуць скарыстоўваць у сваёй практыцы. А таму кола іхных мажлівасьцяў абмяжоўваецца напісаньнем пратэстаў на дзеяньні ўладаў ды заяваў пацярпелых у суд. Між тым, адзначыў Карлас Шэрман, ёсьць Факультатыўны пратакол, прыняты структурамі ААН і падпісаны Рэспублікаю Беларусь, які дае і іншыя, даволі шырокія паўнамоцтвы праваабаронцам.

Рэч, аднак, у тым, што пра існаваньне гэтага пратаколу ня ведаюць нават спэцыялісты. Адкуль ім ведаць, калі падобныя міжнародныя праваабарончыя нарматывы выключаныя з праграмаў юрыдычных навучальных установаў краіны. Зрэшты, летась супольным рашэньнем міністэрстваў адукацыі ды юстыцыі была рэзка скарочаная нават колькасьць студэнтаў-юрыстаў.

Пра гэтыя ды іншыя факты парушэньня беларускімі ўладамі адпаведных артыкулаў Дэклярацыі аб правох ды абавязках праваабаронцаў паведаміў на круглым стале вядомы адвакат Гары Паганяйла. Ён таксама сказаў, што суды ў Беларусі зь нядаўняга часу цалкам страцілі сваю незалежнасьць. На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі створаная камісія, якой кіруе старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч. Яна закліканая кантраляваць працу судовае сыстэмы краіны.

Апрача таго, пад жорсткім кантролем супольнае камісіі адміністрацыі прэзыдэнта, Рады Бясьпекі, КДБ, пракуратуры ды міністэрства юстыцыі апынуліся адвакаты. Таму яны практычна не бяруцца за справы, у якіх адным з бакоў выступае ўлада, а калі й бяруцца, то фармальна. У такіх умовах асноўную нагрузку праваабарончае дзейнасьці бяруць на сябе грамадзкія структуры ды асобы.

Дзеля эфэктыўнасьці іхнае працы Беларускі ПЭН-цэнтар выдрукаваў асобнаю брашураю ААНаўскую Дэклярацыю ды правёў згаданы круглы стол, які, на думку аднаго з арганізатараў Карласа Шэрмана, мусіць мець практычнае значэньне:

(Шэрман: ) "Эфэктыўнасьць гэтай акцыі можа быць высокаю, калі праваабарончыя арганізацыі будуць карыстацца гэтымі дакумэнтамі, будуць патрабаваць выкананьня гэтых дакумэнтаў. Бо вы ведаеце, што ўвогуле Ўсеагульная Дэклярацыя правоў чалавека зьявілася ў нас у друку праз 50 гадоў. Пра гэты факультатыўны пратакол, які дазваляе накіраваць інфармацыю, я ледзь раскапаў у Жэнэве, пра гэта няма нічога тут. Мы палічылі сваім абавязкам падзяліцца з калегамі, з праваабаронцамі, з журналістамі, каб гэты дакумэнт увайшоў у абарот. Калі гэта адбудзецца, дык я буду лічыць, што місія нашая выкананая".

– сказаў віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман.

XS
SM
MD
LG