Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ўвайшоў у моц указ Аляксандра Лукашэнкі аб разьмежаваньні паўнамоцтваў дзяржаўных ворганаў, якія займаюцца валютнай палітыкаю. У адпаведнасьці з дакумэнтам, найбольшыя магчымасьці ўплываць на гэтую палітыку атрымаў Нацыянальны банк.

Указ аб удасканаленьні сыстэмы валютнага рэгуляваньня й валютнага кантролю, як вынікае з афіцыйнага тлумачэньня, павінен стварыць дзейную сыстэму валютных правілаў у краіне. Начальнік управы інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў, камэнтуючы для нашага радыё зьяўленьне гэтага дакумэнту, назваў яго надзённым, бо ён разьмяжоўвае паўнамоцтвы паміж дзяржаўнымі ворганамі. Паводле словаў Драздова, указ рэглямэнтуе сфэры валютнае палітыкі, дзе вяршэнства мае адзін з такіх ворганаў – Нацыянальны банк, урад, камітэт дзяржаўнага кантролю ці Дзяржаўны мытны камітэт.

Так сталася, што валютнае заканадаўства краіны на працягу некалькіх апошніх год фактычна не выходзіць з-пад агню жорсткае грамадзкае крытыкі. Экспэрты лічаць яго недасканалым, паколькі яно прыносіць шмат эканамічнае шкоды. У прыватнасьці, нараканьні беларускіх гаспадарнікаў зьвязаныя з глыбокім разыходжаньнем айчынных валютных правілаў зь міжнароднымі. Прадпрыемствы ды фірмы занепакоеныя нестабільнасьцю валютных парадкаў.

У свой час Лукашэнка даручыў займацца валютнымі справамі дзяржавы на парытэтных умовах ураду й Нацыянальнаму банку. Але на практыцы гэта спрычынілася да нярэдкага супрацьстаяньня двух ворганаў. Два гады таму ахвяраю гэтага супрацьстаяньня стаў былы кіраўнік Нацыянальнага банку Генадзь Алейнікаў. Урад абвінаваціў яго ў валютнай некампэтэнтнасьці. Летась сытуацыя паўтарылася.

Гэтым разам у лукашэнкаўскім атачэньні раз-пораз пачалі ўзьнікаць валютныя спрэчкі паміж новым старшынём Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам і першым віцэ-прэм'ерам ураду Васілём Даўгалёвым. Калі адзін прызнаваў неабходнасьць працэсу валютнае лібэралізацыі ў краіне, то другі абавязкова дакладаў наверх пра неабходнасьць захаваньня адміністрацыйнага кантролю над курсаўтварэньнем.

Прэзыдэнт цэнтру "Стратэгія" эканаміст Леанід Заіка задоўга да сёньняшняга ўказу выказваў думку пра шкоднасьць дубляваньня манэтарных функцыяў двух цэнтральных ворганаў. Віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што такая сытуацыя ў многім справакавала празьмерную валютную дэвальвацыю і множнасьць валютных курсаў. Сам жа Лукашэнка ўстрымаўся ад публічнага выбару паміж валютнымі ідэялёгіямі ў сваім лягеры. Аднак, здаецца, зразумеў памылковасьць становішча, калі ўрад меў права дыктаваць цэнтральнай банкаўскай установе, якім павінен быць абменны курс.

Паводле прынятага дакумэнту, Савет міністраў такога права ўжо ня мае. Лукашэнка абмежаваў яго паўнамоцтвы, замацаваўшы за Нацыянальным банкам найбольш важныя сфэры валютнае палітыкі.

Ці будзе новая сыстэма валютнага рэгуляваньня й кантролю ў Беларусі болей дасканалай за папярэднюю? Незалежныя экспэрты раяць не сьпяшацца з адказам на гэтае пытаньне.

XS
SM
MD
LG