Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня арганізатары "Марша Свабоды-2" падалі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне акцыі. Сёньня ж актывісты грамадзкай ініцыятывы "Хартыя-97" наладзілі ў сусьветным Сеціве прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную маючаму адбыцца "Маршу Свабоды-2".

15 сакавіка, у дзень Канстытуцыі, калёна са 100 тысячаў чалавек пройдзе па праезнай часцы праспэкту Скарыны ад пляцу Якуба Коласа да Пляцу Незалежнасьці. Акрамя гэтага, плянуецца, што ўдзельнічаць у акцыі будуць 100 замежных назіральнікаў: дэпутаты й праваабаронцы з ЗША, Чэхіі, Польшчы, Летувы, Украіны.

Арганізатары спадзяюцца, што ўлады дазволяць шэсьце ў Дзень Канстытуцыі. Бо ім, паводле словаў Зьміцера Бандарэнкі, будзе "складана нахабна парушаць правы грамадзянаў у такі дзень".

Сваё рашэньне Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт мусіць абвесьціць не пазьней як за 5 дзён да пачатку акцыі. На той выпадак, калі адказ будзе адмоўным, арганізатары акцыі зьвярнуліся ў прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску с просьбаю наладзіць круглы стол з гарадзкімі ўладамі. Як паведаміў Зьмiцер Бандарэнка, спадар Вік гэтую ідэю падтрымаў.

Удзельнікі прэсавае канфэрэнцыі так і не адказалі на пытаньне "Радыё Свабода" пра магчымыя наступствы правядзеньня "Марша Свабоды–2". Мікалай Халезін запэўнівае, што будзе зроблена ўсё, "каб не дазволіць уладам правесьці правакацыі. Калі ўлада амаральная, мы павінны быць маральнымі".

Арганізатары ўпэўненыя, што змогуць знайсьці агульную мову з гарадзкімі ўладамі, скарыстаўшы досьвед арганізацыі больш як дзесяці вулічных акцыяў. Тым ня менш усю адказнасьць за магчымыя правакацыі, зьбіцьцё й затрыманьне маніфэстантаў, удзельнікі прэсавае канфэрэнцыі ўсклалі на Аляксандра Лукашэнку.

Асноўная мэта "Маршу Свабоды" – абарона незалежнасьці Беларусі й падтрымка перамоваў паміж апазыцыяй і ўладаю, вынікам якіх павінны стаць свабодныя дэмакратычныя выбары.

Зьміцер Бандарэнка зазначае, што ва Ўсходняй Эўропе рэжымы зьмяняліся пад ціскам міжнародных санкцыяў і масавых маніфэстацыяў. Маўляў, неабходныя ўмовы дзеля зьмены рэжыма Лукашэнкі ўжо існуюць.

Вынікі сёньняшняе інтэрнэтаўскае прэсавае канфэрэнцыі камэнтуе прэсавы сакратар Хартыі-97 Алег Бебенін…

(Бебенін: ) "За ходам гэтага мерапрыемства назірала больш за 40 чалавек".

(Карэспандэнт: ) "Чаму прэсавая канфэрэнцыя праводзілася праз Інтэрнэт?"

(Бебенін: ) "Гэта была не зусім прэсавая канфэрэнцыя. Гэта была онлайнавая канфэрэнцыя ў Інтэрнэце – сустрэча канкрэтных людзей з наведвальнікамі глябальнага Сеціва. Гэта – наш чацьверты вопыт такіх сустрэчаў".

Гаварыў Алег Бебенін.

XS
SM
MD
LG