Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сёньня Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў сьвеце. У дакумэнце пералічаюцца найбольш нэгатыўныя зьявы, такія як этнічныя чысткі, ваенныя злачынствы, дыктатарскія рэжымы, тэрарызм. 50 старонак дакумэнту прысьвечаныя падрабязнаму аналізу сытуацыі ў Беларусі, якая апынулася сярод такіх недэмакратычных краінаў, як Ірак, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

Частка справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту, датычная Беларусі, пачынаецца з агульнае характэрыстыкі краіны, ейнай палітычнай сыстэмы, эканомікі і грамадзкага жыцьця.

У дакумэнце адзначаецца, што палітычная сыстэма ў Беларусі грунтуецца на канстытуцыі 96-га году, якая была прынятая неканстытуцыйным шляхам. Уся ўлада ў краіне сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта, які сам сабе працягнуў паўнамоцтвы.

Кіраўніцтва краіны выступае супраць эканамічных рэформаў. Насуперак афіцыйнай статыстыцы, валавы нацыянальны прадукт зьмяншаецца. Беларусь эканамічна ізаляваная. Замежныя інвэстыцыі зьменшыліся за 6 месяцаў мінулага году на 42%. Сярэдні месячны заробак у краіне складае роўнавартасьць 40 даляраў.

У галіне правоў чалавека за 1999 год, сытуацыя, паводле Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША, пагоршылася. Аляксандар Лукашэнка прыняў жорсткія крокі супраць апазыцыі, якая спрабавала арганізаваць кампанію грамадзкага супраціву і аспрэчыла ягоную легітымнасьць пасьля 20-га ліпеня.

Зьніклі бяз вестак або паводле сфальшаваных абвінавачаньняў былі зьняволеныя вядомыя апазыцыйныя дзеячы. Служба бясьпекі працягвае зьбіваць і затрымліваць палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. Працягваюцца таксама абмежаваньні свабоды слова, друку, сходаў і рэлігіі. Праблемай ў Беларусі, паводле Дзяржаўнага Дэпартамэнту, далей застаецца антысэмітызм, дыскрымінацыя жанчын і свабодных прафсаюзаў.

Пасьля агульнай характарыстыкі справаздача пераходзіць да падрабязнага аналізу сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

1) Першы разьдзел прысьвечаны павазе для чалавечай асобы і яе недатыкальнасьці. Гэты пункт разглядаецца у наступных катэгорыях:

- палітычныя і пазасудовыя забойствы,

- зьнікненьні людзей,

- катаваньні, зьдзек і прыніжальнае абыходжаньне або пакараньне чалавека,

- адвольныя арышты, затрыманьні або выгнаньні,

- адмаўленьне ў праве на справядлівы публічны суд.

2) У другім разьдзеле ўвага засяроджваецца на грамадзянскіх свабодах і гаворыцца пра:

- свабоду слова і друку,

- мірных сходаў і згуртаваньяў,

- свабоду рэлігіі,

- свабоду перамяшчэньня ў межах краіны, замежныя падарожжы, эміграцыю і рэпатрыяцыю,

3) Трэці разьдзел справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту прысьвечаны палітычным правом, у прыватнасьці, пытаньню "Ці грамадзяне Беларусі маюць магчымасьць свабодна зьмяніць кіраўніцтва краіны?" Зразумела адказ гучыць – "не", і гэта адзін з асноўных закідаў да ўраду краіны.

4) У чацьвертым разьдзеле аналізуецца пазыцыя беларускага ўраду ў пытаньні міжнароднага або няўрадавага расьсьледаваньня парушэньняў правоў чалавека.

5) У пятым разьдзеле разглядаецца пытаньне дыскрымінацыі з прычыны расы, рэлігіі, полу, недзеяздольнасьці, мовы або сацыяльнага статусу. У прыватнасьці, ацэньваецца сытуацыя жанчын і дзяцей ў Беларусі, стаўленьне да хворых, недзеяздольных і калекаў, а таксама да рэлігійных меншасьцяў ў Беларусі, ў тым ліку да жыдоў.

6) Чарговы, 6-ы разьдзел прысьвечаны працоўным правом:

- праву на згуртаваньне ў прафсаюзы,

- праву на калектыўныя дамовы аб працы,

- адмове ў працы або прымусовай занятасьці,

- дзіцячай занятасьці і мінімальнаму ўзросту пры паступленьні на працу,

- умовам працы і заробкам,

- і, нарэшце, гандлю людзьмі.

Некаторым спэцыфічным зьявам, такім як гандаль людзьмі або стаўленьне да хворых і недзеяздольных, у справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША не прысьвячаецца шмат увагі, паколькі яны не выклікаюць трывогі. Затое іншыя, такія як палітычныя свабоды,
свабода слова, друку і сходаў, займаюць асноўную частку дакумэнту зь пералікам канкрэтных правапарушэньняў.

Падрабязьней з ацэнкамі Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША ў гэтых галінах мы пазнаёмім вас у наступных перадачах.

XS
SM
MD
LG