Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Даўно вядома, што касманаўты праводзяць у космасе самыя розныя экспэрымэнты, у тым ліку, выпрабоўваюць узьдзеяньне стану бязважкасьці на чалавечы арганізм. Французкі астраном Pierre Kohler заявіў, што амэрыканцы правялі даволі незвычайны экспэрымэнт з мэтай высьветліць, ці магчымыя ў касьмічнай прасторы полавыя зносіны.

Менавіта сёньня, 24-га лютага, ў выдавецтве Calmann-Levy з друку выйшла кніжка пад загалоўкам "Заключная місія". Аўтар, французкі астраном Пер Коглер, зараз працуе больш як камэнтатар у пытаньнях космасу. На ягоную думку, Касьмічнае Агенцтва НАСА выпрабавала верагоднасьць "зорнага сэксу".

Кохлер уважліва прасачыў усе палёты касмічнага чаўнака ў 96-м годзе, у якіх удзельнічалі мужчыны і жанчыны. Аднак да высновы аб сэксуальных экспэрымэнтах Коглер прыйшоў перш за ўсё на падставе дакумэнтаў, выстаўленых Касьмічным Агенцтвам на сваёй старонцы ў Інтэрнэце.

Паводле аўтара кніжкі, з дакумэнтаў вынікае, што навукоўцы супрацоўнічалі з астранаўтамі у пытаньні магчымасьці полавых зносінаў і аптымальнай пазыцыі ва умовах бязважкасьці.

Экспэрымэнты паказалі, цьвердзіць Коглер, што полавыя зносіны у космасе у прынцыпе магчымыя, але калі сэкс меў бы адбывацца у космасе, дык трэба забыцца пра традыцыйныя формы.

Навукоўцы склалі сьпісак 10-ці асноўных сэксуальных пазыцыяў, якія затым былі выпрабаваныя парай астранаўтаў у касьмічным чаўнаку на зямлі, але ва ўмовах адсутнасьці зямнога прыцягненьня.

На думку аўтара кніжкі, гэтая пара згадзілася зьняць на стужку 10-ць гадзінных экспэрымэнтаў і дзялілася з навукоўцамі сваім уласным досьведам і адчуваньнямі. Аказалася, кажа Коглер, што так званая "місіянэрская", клясычная манэра полавых зносінаў ў космасе мала прыдатная. З 10-ці пазыцыяў 6-ць патрабавалі дадатковых прыладаў: элястычных паясоў, або нечага накштал спальнага мяшка, якія утрымоўвалі б целы партнэраў разам. Чатыры астатнія пазыцыі проста прымушалі мужчыну і жанчыну моцна трымацца адно аднаго.

Коглер лічыць, што для НАСА такія экспэрымэнты заўсёды былі тэмай "табу". Усе ўстановы, зьвязаныя з дасьледаваньнем космасу, ў адзін голас адкідалі падобныя спэкуляцыі. НАСА не прызналася таксама да матэрыялаў, зьмешчаных у Інтэрнэце.

"Гэта непраўдзівая гісторыя. Цытаваныя дакумэнты сфальшаваныя," – заявіў Kirsten Williams, прадстаўнік вашынгтонскай сядзібы НАСА.

"Мы не праводзілі, не праводзім і ня маем намеру праводзіць ніякіх сэксульных экспэрымэнтаў," – заявіў прадстаўнік НАСА Ed Campion.

На думку касьмічнага агенцтва, людзі падазраюць, што касманаўты маюць на арбіце полавыя зносіны, нават калі яны праводзяць экспэрымэнты, зьвязаныя з размнажэньнем афрыканскіх жабаў або японскіх рыбаў.

У тэлефанічнай гутарцы з агенцтвам Reuters Коглер запэўніў, што дадзеныя з Інтэрнэту, якія ён скарыстаў, сапраўдныя, і для жарту ён не пісаў бы кніжку. "Гэта ўсё верагоднае. Уся бяда ў тым, што я не быў у стане даведацца больш падрабязнасьцяў ў гэтай справе," – заявіў аўтар кніжкі "Заключная місія" Pierre Kohler.

Дарэчы, ў гутарцы з нашым супрацоўнікам Сяргеям Навумчыкам савецкі касманаўт, беларус Уладзімер Кавалёнак заявіў, што экспэрымэнтаў з сэксам у космасе Савецкі Саюз не праводзіў ніколі.

XS
SM
MD
LG