Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Вызваленьне былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта ізноў адтэрміноўваецца. Учора праваабарончыя арганізацыі заявілі, што прадпрымаюць новую акцыю ў ягонай справе і падаюць пазоў у Эўрапейскі суд правоў чалавека.

Адна з 6-ці праваабарончых арганізацыяў – Юстыцыя – паведаміла, што неабходныя дакумэнты падасьць у суд у Страсбургу ў аўторак. Гэтая арганізацыя ўжо раз выступіла з пратэстам супраць празьмерна лагоднага стаўленьня лёнданскага суду да Піначэта.

Былы чылійскі дыктатар быў арыштаваны ў Лёндане 16 месяцаў таму ў адказ на просьбу Гішпаніі. Мадрыд ускладае на яго адказнасьць за забойствы і катаваньні сваіх грамадзянаў у часе ягонага аўтарытарнага кіраваньня ў гадох 1973-1990. Працягламу судоваму разьбіральніцтву ўвесь час спадарожнічалі маніфэстацыі падтрымкі або пратэсту з боку прыхільнікаў і праціўнікаў Піначэта, якія вялі своеасаблівую вайну аргумэнтаў. На працягу гэтага часу адбылося некалькі судовых працэсаў, пасьля якіх адзін з бакоў падаваў апэляцыю, справа ўзнаўлялася, а генэрал далей знаходзіцца пад хатнім арыштам.

У студзені міністар унутраных справаў Джэк Строў заявіў, што ён "схільны" адаслаць генэрала дамоў з гуманітарных меркаваньняў, спасылаючыся на экспэртызу незалежных мэдыкаў, зь якой вынікае, што стан ягонага здароўя ў ніякім выпадку не дазваляе прыцягнуць Піначэта да адказнасьці.

Праваабарончая арганізацыя "Юстыцыя" абвінаваціла міністра Строў ў тым, што ён парушыў эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека, спыняючы працэс экстрадыцыі падсуднага ў Гішпанію бяз кансультацыі зь ягонымі ахвярамі.

"Юстыцыя" таксама зьвярнулася да ўладаў Велікабрытаніі з просьбай даць дазвол прыцягнуць у якасьці сьведкаў 14 чылійцаў, якія зьведалі катаваньні ў часе кіраваньня Піначэта. Арганізацыя лічыць, што чылійскія псыхіятры навучылі генерала, як ён мае сябе паводзіць у часе мэдычнага абсьледаваньня, ў выніку якога ён выкруціўся ад суду, і Лёндан вялікадушна быў гатовы адаслаць яго на радзіму. Міністэрства ўнутраных справаў Вялікабрытаніі пакуль што не адрэагавала на гэтыя ініцыятывы праваабарончых арганізацыяў.

Між тым, плянам вызваленьня былога чылійскага дыктатара супрацівіліся адначасова чатыры эўрапейскія краіны. Гішпанія, Францыя, Бэльгія і Швэйцарыя таксама паставілі пад сумнеў мэдычную экспэртызу, карысную для Піначэта.

Гішпанскія лекары і прэса аспрэчылі заключэньне брытанскіх мэдыкаў, згодна якому Піначэт мае пашкоджаныя мазгі. Яны сьцьвердзілі, што генэрал дастаткова здаровы, каб яго судзіць. Гішпанія заявіла, што ня Лёндан, але хутчэй за ўсё гэтыя чатыры краіны павінны вырашаць, ці Піначэт можа стаць перад судом, ці не.

Францыя запатрабавала, каб ейныя спэцыялісты атрымалі доступ да мэдычнай экспэртызы і да самога Піначэта. Бэльгійская Пракуратура палічыла генэрала дастакова здаровым і папрасіла Лёндан паўторна праверыць стан ягонага здароўя, а Швэйцарыя адзначыла, што слабое здароўе не зьяўляецца перашкодай для перадачы Піначэта іншай краіне, і што яна таксама не здымае сваю заяўку на ягоную экстрадыцыю.

Учора ў інтэрвію кампаніі ВВС Джэк Строў заявіў, што яшчэ не пасьпеў азнаёміцца з дакумэнтамі, пададзенымі гэтымі чатырма краінамі, але абяцаў адказаць на іх "як мага хутчэй". Міністар паведаміў, што ў тэрміновым парадку, не пазьней як да панядзелку, ён прыме рашэньне – ці перадаць Піначэта Гішпаніі, ці дазволіць яму вярнуцца ў Чылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG