Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Настаўнікі адной зь берасьцейскіх школаў накіравалі сёньня адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі праз Інтэрнэт. Прычынаю для гэтага звароту паслужыла тое, што пэдагогі не атрымалі яшчэ заробак за студзень.

У сваім лісьце, які адпраўлены на сайт адміністрацыі Лукашэнкі, настаўнікі сярэдняй школы № 30 Берасьця скардзяцца на чыноўнікаў зь мясцовай вэртыкалі і паведамляюць, што яшчэ ў 98 годзе было падпісанае пагадненьне паміж аддзелам адукацыі Гарадзкога Выканаўчага камітэту і гарадзкім прафэсійным саюзам працаўнікоў адукацыі. У пагадненьні быў вызначаны тэрмін выплаты заробку настаўнікам – першы тыдзень наступнага месяца, але ў мінулым годзе выканкамаўскі аддзел, спасылаючыся на інтарэсы працоўных калектываў, і ў сувязі з пераходам на кампутарную сыстэму налічэньня заработнае платы, без узгадненьня з прафсаюзам унес зьмены ў гэтае пагадненьне, і свой заробак настаўнікі пачалі атрымоўваць толькі ў палове наступнага месяца.

Такім чынам, адзначаюць у сваім лісьце настаўнікі, усе наступствы падвышэньня мінімальнае заработнае платы ў краіне адбіваюцца на іх матэрыяльным становішчы толькі праз паўтары месяцы.

У 2000 годзе сытуацыя яшчэ больш пагоршылася. Паводле стану на 22 лютага настаўнікі 30-й берасьцейскай школы атрымалі толькі студзеньскі аванс. Калі будуць выплачаныя астатнія грошы, працаўніком бюджэтнай сфэры ніхто з упэўненастцю адказаць ня можа.

Аўтары ліста нагадваюць Аляксандру Лукашэнку, што сярэдняя стаўка настаўніка першай катэгорыі складае сёньня каля 22 тысячаў дэнамінаваных беларускіх рублёў і ледзьве перавышае ўсталяваны ў лютым памер пражытачнага мінімуму. А таму настаўнік, калі ён толькі не падрабляе на жыцьцё па-за межамі школы, атрымлівае ад сваёй асноўнай працы хіба што маральнае задавальненьне.

Да гэтага трэба дадаць, што праблема кадраў у берасьцейскіх школах апошнім часам набыла надзвычайны характар. У гэтым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі гораду прыбылі 227 выпускнікоў ВНУ, у той жа час сышлі з працы 825 пэдагагічных працаўнікоў. Што і як зьбіраюцца рабіць улады, каб спыніць такі масавы зыход, застаецца пакуль невядомым. Як застаецца невядомым і тое, ці дасьць плён незвычайная спроба берасьцейскіх настаўнікаў паведаміць Аляксандру Лукашэнку аб сваіх праблемах праз Інтэрнэт.

XS
SM
MD
LG