Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Валянцін Жданко, Менск

23 лютага маці зьніклага пяць месяцаў таму Віктара Ганчара Валянціна зьвярнулася з адкрытым лістом да грамадзянаў Беларусі, у якім просіць ня верыць афіцыйнай прапагандзе і не забываць пра трагедыю тых, у каго бяcьсьледна зьніклі блізкія людзі.

З тае начы 16 верасьня, калі зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, мінула ўжо больш як пяць месяцаў. Вынікаў пошуку (калі толькі гэта быў пошук, а не імітацыя) – фактычна ніякіх. Улады ўвогуле намагаюцца маўчаць пра гэтую праблему; для грамадзкай думкі вастрыня страты з часам таксама зьменшылася. Пра зьніклых усё радзей згадваюць мас-мэдыі…

"Беларусы, прачніцеся!", – заклікае ў сваім адкрытым лісьце Валянціна Ганчар. – "У адносінах да майго сына вядзецца палітыка замоўчваньня. Толькі зрэдку прамільгне чарговая ілжывая публікацыя: бачылі ў Лёндане ці яшчэ недзе… Людзі ў нас, у гэтак званай "вольнай, дэмакратычнай, шчасьлівай" краіне, зьнікаюць! Гэта можа здарыцца з кожным, а па тэлевізіі па-ранейшаму будуць трансьляваць песьні ды танцы".

72-гадовая Валянціна Ганчар цяжка хварэе – у яе высокі ціск, і, яна, як паведаміла нам жонка Віктара Зінаіда, прыкутая да ложка.

Натуральна, гэткія самыя пачуцьці перажывае і Ксенія Красоўская, маці Анатоля, які той ноччу 16 верасьня зьнік разам зь Віктарам Ганчаром. На жаль, голас спадарыні Ксені запісаць немагчыма: некалькі гадоў таму пад час няўдалай апэрацыі на шчытападобнай залозе ёй закранулі галасавыя зьвязкі, з таго часу яна можа размаўляць толькі шэптам. 79-гадовая жанчына па-ранейшаму жыве ў вёсцы Ляды Крупскага раёну. Але на зіму адна з дачок забрала яе ў Менск.

Сэрцу маці аднойчы ўжо давялося перажыць трагедыю: дваццаць год таму ў Нямеччыне ў катастрофе гэлікоптэра загінуў яе старэйшы сын Валеры, які толькі-толькі зкончыў лётную вучэльню. Ксенія Красоўская ня верыць у тое, што лёс зноў так жорстка пакараў яе. Яна вельмі перажывае, часта плача й кожную хвіліну чакае, што сын вось-вось пастукаецца ў дзьверы.

XS
SM
MD
LG