Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе ў судзе Ленінскага раёну Менску дэпутат Андрэй Клімаў выступіў з апошнім словам. Ён не прызнаў сябе вінаватым, назваў справу сфальсыфікаванай і заявіў суду, што тэрмін пакараньня яму будзе прызначаць ня суд, а Аляксандар Лукашэнка. Сёньня ж з апошнім словам выступілі і астатнія восем падсудных у гэтай справе. Усе яны просяць апраўдаць іх.

Андрэй Клімаў выступаў на працягу дваццаці хвілінаў. Ён не спыняўся падрабязна на сваёй справе, паколькі лічыць гэта безсэнсоўным. Клімаў адразу ж заявіў, што "прысуд мне будзе выносіць суд, але тэрмін прызначыць Аляксандар Лукашэнка". Гэтую справу дэпутат лічыць сфабрыкаванай паводле палітычных матываў.

Увогуле, Клімаў быў шчодры ў сваёй прамове на выказваньні ў бок розных палітыкаў, на палітычныя заявы і нават згадваў гісторыі са свайго жыцьця. У прыватнасьці, ён узгадаў размову з Аляксандрам Лукашэнкам, што адбылася 5 студзеня 1996 году ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Вось якія словы Лукашэнкі нагадаў Клімаў: "...Андрэй, зразумей – або ты са мною, або супраць. Ты прадпрымальнік, а наш народ лічыць, што калі чалавек прадпрымальнік, ён нешта скраў. Таму пасадзіць цябе няма праблемы, і ніхто заступацца ня будзе", – так казаў, паводле Клімава, Аляксандар Лукашэнка.

Дэпутат перакананы, што арышт і ўзбуджэньне справы й былі рэалізацыяй тае пагрозы, паколькі ў выніку Клімаў да Лукашэнкі не прыслухаўся, на ягоны бок не перайшоў, а застаўся на баку закону й Канстытуцыі 1994 году. Пра што Клімаў не шкадуе, нават трапіўшы ў турму, дзе таксама знайшоў шмат сяброў і прыхільнікаў.

"Мне не было чаго баяцца, калі я быў на волі – гэта лухта, што казала пракурорка, быццам у мяне быў браняваны "Мэрсэдэс". Гэта быў дарагі "Мэрсэдэс", але не браняваны. А вось Лукашэнку такі аўтамабіль, на думку Клімава, вельмі спатрэбіцца: "…Бяда Лукашэнкі ў тым, што ён адхіліў тых, хто мог бы абараняць незалежнасьць Беларусі, і мог пераканаць у гэтым іншых", – лічыць Андрэй Клімаў.

На ягоную думку, новае кіраўніцтва Расеі хутка будзе раўмаўляць з Лукашэнкам інакш, а вось абаперціся яму ня будзе на каго. Клімаў раіць кіраўніку Беларусі перасесьці ў "самы браняваны аўтамабіль" і не выключае, што аднойчы беларусы прачнуцца не ў незалежнай краіне, а ў Паўночна-Заходнім краі, "губэрнатарам якога можа быць прызначаны нават той жа Нямцоў".

Дарэчы, адказнасьць за тое, што Беларусь аказалася на мяжы такіх падзеяў, Клімаў ускладае і на апазыцыю, якая, цытую, "ня здолела пераканаць прэзыдэнта захаваць незалежнасьць хай сабе й на грунце Канстытуцыі 1996 году".

Дэпутат выказаў вялікае расчараваньне тым, што яму здрадзілі некаторыя з былых сяброў ці людзей, зь якімі ён разам працаваў.

У гэтым шэрагу ён узгадаў і Ўладзімера Ярмошына, былога "мэра", зь якім у 1994 годзе заключаў дамову на будаўніцтва дома, які іншыя будаўнікі ужо называлі беспэрспэктыўным…

"…Чаму я прасіў прыйсьці Ярмошына на суд? Не таму, каб ён адкрыў тут нешта новае", – сказаў Клімаў і далей прызнаўся, што яму патрэбная была маральная падтрымка. Клімаў лічыць, што ўсё ж нямала зрабіў для гораду і меў права разьлічваць хаця б на шчырасьць "мэра". "Але "мэр" у той час ужо зьбіраўся стаць прэм'ер-міністрам…", – заўважыў Клімаў і папярэдзіў, што так жа, як можна прызначыць прэм'ера, гэтак можна й зьняць.

"…Гісторыя паўтараецца. Засудзіць у нас можна каго заўгодна, ужо аднаго былога прэм'ера судзяць. Прыйдзе час, будуць судзіць і прэзыдэнта, бо ад законаў гісторыі нікуды не падзецца", – перакананы дэпутат Клімаў.

Дарэчы, ён упэўнены, што ня ўсё ў нас так безнадзейна, што змагацца за свабоду й дэмакратыю варта, і нават магчыма перамагаць", – праўда, пакуль у невялічкіх, лякальных сутычках. Андрэй Клімаў ужо мае такі досьвед: "…Гэтыя месяцы як раз паказваюць, што за свабоду, за свае правы беларусы яшчэ могут змагацца. Нават мая прысутнасьць у ізалятары на Валадарскага перапоўніла цярпеньне адміністрацыі. Яны ўжо чакаюць – не дачакаюцца, калі мяне адтуль забяруць", – прызнаўся Клімаў і паведаміў, што ягонае змаганьне з парушэньнямі ў ізалятары мела вынікам паляпшэньне становішча.

За сваю прамову дэпутат быў аддзячаны заляю апладысмэнтамі. Адзінадушша праявілі і ўсе астатнія абвінавачваныя – ніхто зь іх не прызнаў сябе вінаватым, усе прасілі ад суда ня літасьці, а апраўданьня. Якім будзе прысуд – даведаемся на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG