Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Ігар Карней, Менск

21 лютага міліцэйская машына суправаджэньня картэжу Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Менску на вялікай хуткасьці пратараніла прыватны аўтамабіль. Сьведкамі здарэньня сталі дзясяткі кіроўцаў і мінакоў. Аднак афіцыйныя структуры старанна намагаюцца схаваць абставіны справы.

Дарожна-транспартавае здарэньне адбылося ў самым цэнтры сталіцы, насупраць рэстарану "Крыніца". Спэцаўтамабіль "Опель Астра" аддзелу "Страла", які на вялікай хуткасьці рухаўся наперадзе прэзыдэнцкае кавалькады, выехаў на сустрэчную паласу й сутыкнуўся з прыватным аўтамабілем "Вольва".

Сьведкамі сутыкненьня былі многія гараджане, у тым ліку й журналісты газэтаў "Туризм и отдых" и "Свободные новости". Аднак гэтым усялякая інфармацыя пра дарожны інцыдэнт абмяжоўваецца.

Ні ў вадной міліцэйскай справаздачы здарэньне не зафіксаванае. Прэс-службы гарадзкой і рэспубліканскай дзяржаўтаінспэкцыяў, а таксама аналягічныя службы Міністэрства нутраных справаў пра гэты выпадак нічога не паведамляюць.

Нічога не змаглі растлумачыць і ў аддзеле нутраных справаў Цэнтральнага раёну, на тэрыторыі якога адбылася аварыя. Падобна на тое, што ў хаваньні інфармацыі зацікаўленыя на больш высокім узроўні.

Каму ў такой сытуацыі не пашэнціла, дык гэта кіроўцу "Вольва". Як вядома, у суправаджэньня Лукашэнкі ёсьць інструкцыя, у адпаведнасьці зь якой прадпісваецца нэйтралізоўваць усялякі аб'ект, які "ўяўляе небясьпеку" для кіраўніка дзяржавы. Атрымліваецца, што траекторыя руху пратараненай "Вольва", якая рухалася па сваёй паласе руху, была небясьпечнай для Лукашэнкі ды ягонага атачэньня. Аніякае кампэнсацыі ані за матэрыяльны, ані за маральны ўрон лукашэнкавы інструкцыі не прадугледжваюць. А таму вынік міліцэйскай уседазволенасьці цалкам кладзецца на плечы гаспадара разьбітай машыны.

Варта прыгадаць, што летась беларускія ўлады ўжо спрабавалі замаўчаць аналягічнае здарэньне. Пад час чарговай інспэкцыі Лукашэнкі на Гарадзеншчыну міліцэйская машына прэзыдэнцкага суправаджэньня скінула ў кювет прыватны аўтамабіль дырэктара адной з аўтамабільных школаў Гародні. Тады не абыйшлося без чалавечых ахвяраў. Але вінаватых так і не знайшлі.

А тым часам менчукі па-ранейшаму штодня назіраюць, як картэж лімузінаў Лукашэнкі пры вялізнай ахове пад завываньне сірэнаў на высокай хуткасьці праносіцца па вуліцах, не зважаючы ані на сьветлафоры, ані на правілы руху.

XS
SM
MD
LG