Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

24 лютага ў рэдакцыі газэты адміністрацыі Лукашэнкі "Советская Белоруссия" за круглым столом сабраўся шэраг лідэраў апазыцыйных і пралукашэнкавых партыяў. У ліку запрошаных на сустрэчу былі Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Калякін, Станіслаў Багданкевіч, Віктар Чыкін, Анатоль Баранкевіч. Апазыцыйныя лідэры ўпершыню за доўгі час атрымалі магчымасьць выказацца ў "прэзыдэнцкай" газеце й не адмовіліся ад гэтага.

Галоўны рэдактар газэты "Советская Белоруссия" Павал Якубовіч пасьля двухгадзіннага "круглага сталу" палітыкаў зазначыў, што ініцыятыва гэтае сустрэчы зыходзіла толькі ад яго самога. На гэта, паводле ягоных словаў, не патрабавалася санкцыя з адміністрацыі Лукашэнкі, але ў пэўным сэнсе гэтую сустрэчу ў рэдакцыі можна разглядаць у рамках аб'яўленага Лукашэнкам гэтак званага "грамадзкага дыялёгу". "Трэба з чагосьці пачынаць", – зазначыў на гэты конт Павал Якубовіч і падкрэсьліў, што ён задаволены вынікамі сустрэчы.

"Адбыўся вельмі шчыры, талерантны і ўзаемапаважлівы абмен думкамі, хаця зразумела, што пазыцыі вельмі розныя. Але галоўнае тут – шчырасьць, якая была выяўленая", – зазначыў Павал Якубовіч.

Тэмамі да абмеркаваньня былі перш за ўсё выбары ў "Палату прадстаўнікоў" і аб'яўлены Лукашэнкам "грамадзкі дыялёг". Праўда, апазыцыйныя палітыкі зусім не пагаджаюцца з тым меркаваньнем, што гэтая сустрэча і ёсьць пачатак "грамадзкага дыялёгу". Прынамсі, Беларускі Народны Фронт і "Народная Грамада" пакуль аніякае заяўкі на ўдзел у такім "дыялёгу" не падавалі.

Паводле словаў лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, пад час сустрэчы былі спробы зрабіць выгляд, быццам бы ўжо ўсе пагадзіліся з аднабаковым прыняцьцем Выбарчага кодэксу, і гаворка йдзе толькі пра нейкія дэталі. Апазыцыйным палітыкам давялося мяняць танальнасьць размовы й вяртаць яе да праблемы перамоваў пры пасярэдніцтве АБСЭ.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

"Цяпер я магу меркаваць, што спатканьне гэтае ёсьць складовай часткаю агульнага піараўскага сцэнару, выпрацаванага ў лукашэнкавай адміністрацыі. Сёньня нам быў прапанаваны тэкст, падпісаны мноствам гэтак званых грамадзкіх лідэраў няўрадавых арганізацыяў, сярод якіх фігуруе Ўсевалад Янчэўскі, пра шырокі грамадзкі дыялёг. Для мяне абсалютна зразумела, што стаіць задача гэтым зваротам і цэлым комплексам іншых захадаў перабіць у грамадзкай сьвядомасьці, у інфармацыйным полі, і зьбіць з тропу эўрапейскія арганізацыі, якія дабіваюцца правядзення перамоваў паміж бакамі палітычнага працэсу, паміж тымі, хто не прызнае канстытуцыйнага перавароту 96-га году і прыхільнікамі цяперашняга рэжыму", – зазначыў Вінцук Вячорка.

Як падкрэсьліў лідэр Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікалай Статкевіч, асабіста ў яго не было ваганьняў, удзельнічаць у сустрэчы ў "Советской Белоруссии" ці не…

(Статкевіч: ) "Гэтую газэту чытае вялікая колькасьць людзей, і я, калі ўжо лічу сябе палітыкам, то не маю права ўхіліцца ад магчымасьці выказаць сваю думку перад гэтымі людзьмі. Нам не прыходзіцца выбіраць. Увогуле, праблема дэмакратычных сілаў – гэта адсутнасьць магчымасьці звароту да шырокіх колаў нашае грамадзкасьці", – адзначыў Мікалай Статкевіч.

Так ці йначай, "грамадзкі дыялёг", аб'яўлены Лукашэнкам, пачынае рэалізоўвацца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гэта і лёгка, і асабліва ні да чаго не забавязвае. На думку Мікалая Статкевіча, гэта можа стаць для апазыцыі прапагандысцкай пасткаю, таму ён параіў калегам добра абдумаць сытуацыю, перш чым падаваць заяўкі на ўдзел у гэтым грамадзкім дыялёгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG