Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Казімір Яноўскі, Рэчыца

Учора на выязным паседжаньні канцэрну "Белнафтахім", якое адбылося ў Рэчыцы і было датычнае вынікаў працы за мінулы год, прэзыдэнт канцэрну Іван Бамбіза заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў галіны шукаць падтрымкі ўсемагчымых структураў, у тым ліку Свабоднага і Незалежнага прафэсійных саюзаў, каб процідзейнічаць увядзеньню Злучанымі Штатамі Амэрыкі эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.

Свабодны, Незалежны і ўвогуле прафсаюзы спатрэбіліся прэзыдэнту, каб ад іх імя ў Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША, амэрыканскія фірмы, адвакацкія канторы ішлі звароты з просьбамі не ўжываць санкцыяў супраць беларускай прадукцыі, у прыватнасьці той, што экспартуе "Белнафтахім". Сэнс гэтых зваротаў у тым, што ад санкцыяў будзе цярпець ня ўрад Беларусі, але работнікі.

Паводле словаў Івана Бамбізы, летась рэалізацыя хімічных валокнаў і шклотканіны Магілеўскага аб'яднаньня "Хімвалакно" на амэрыканскім рынку падвысілася ажно ў 15 разоў. Гэта – і жывая валюта, і найлепшая рэкляма беларускіх тавараў. Падпісаны пратакол на пастаўку за акіян хімічных валокнаў з Магілеву і на сёлетнія першыя тры месяцы ў памеры 3 тысячы тон.

Аднак яшчэ ў кастрычніку летась амэрыканскі бок зьменшыў у два разы квоту на ўвоз беларускай прадукцыі з-за недэмакратычнай палітыкі, якая праводзіцца на Беларусі. У выніку перамоваў і ўдзелу амбасады ў гэтым працэсе квоту 99 году ўдалося аднавіць нават з 6-адсоткавым ростам на бліжэйшыя тры гады запар. Аднак зараз, паводле словаў спадара Бамбізы, амэрыканскі ўрад распачаў расьсьледаваньне, мэта якога – вывесьці Беларусь са складу дзяржаваў, на якія распаўсюджваюцца прэфэрэнцыі.

(Бамбіза: ) "Прэфэрэнцыі – гэта зьніжаныя мытныя падаткі пры пастаўцы прадукцыі на рынак ЗША. Скасаваньне іх будзе моцным ударам. З-за гэтага мыта ўзрасьце ад 30 да 50 адсоткаў, і тады нашай прадукцыі ў ЗША наогул ня будзе".

Якая ж роля адводзіцца ў гэтай сытуацыі прафсаюзам?

(Бамбіза: ) "Ну як дапамагчы? Так як і іншыя прафсаюзы. І гэты Свабодны прафсаюз і Незалежны, калі яны сапраўды абаронцы, дык няхай абараняюць сумесна з усімі, з працоўным калектывам, няхай становяцца побач і адстойваюць інтарэсы нашых людзей перад дзяржаўнымі структурамі ЗША, каб яны ня ўводзілі падвышаных мытаў у дачыненьні нас. У гэтым і ёсьць сэнс. І мы заклікаем, каб яны бралі ўдзел у гэтым працэсе. Вось канкрэстная праца".

Вось гэтак патлумачыў свой заклік прэзыдэнт канцэрну "Белнафтахім" Іван Бамбіза.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG