Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня адбыўся візыт у Беларусь міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова. Спадар Іваноў узяў удзел у сумесным паседжаньні калегіяў вонкапалітычных ведамстваў дзьвюх краінаў, сустрэўся зь Ярмошыным і Лукашэнкам.

Пад час знаходжаньня ў Менску міністар Іваноў у размовах з журналістамі закранаў пераважна расейскія тэмы. Ён асудзіў учорашні напад на расейскае консульства ў Познані, пад час якога з будынку быў сарваны расейскі сьцяг і замест яго ўмацаваны чачэнскі. Спадар Іваноў назваў гэта хуліганскай акцыяй і паведаміў, што сёньня польскім уладам будзе заяўлены самы рашучы пратэст.

Ускосна ён усклаў адказнасьць за інцыдэнт у Познані на польскія ўлады, сказаўшы, што "ў Польшчы дзейнічаюць арганізацыі, якія публічна заяўляюць пра сымпатыі да чачэнскіх тэрарыстаў і не атрымліваюць належнага асуджэньня з боку ўладаў".

Шэф расейскага МЗС таксама заявіў, што супраць фэдэральных сілаў у Чачні адкрыты другі фронт інфармацыйнае вайны. Міністар выказаў глыбокую занепакоенасьць тым, як заходнія сродкі масавай інфармацыі асьвятляюць падзеі на Каўказе.

Дарэчы, Беларусь – ці не адзіная дзяржава ў сьвеце, якая без агаворак падтрымлівае дзеяньні Расеі ў Чачні, як тое было, напрыклад, пад час саміту АБСЭ ў Стамбуле. Гэтая палітыка цалкам ляжыць у рэчышчы праграмы ўзгодненых дзеяньняў МЗС Беларусі й Расеі, вынікі якое падводзіліся сёньня на сумесным паседжаньні калегіяў міністэрстваў дзьвюх краінаў.

Беларуская дыпляматыя абараняла палітыку Расеі на Каўказе, Расея выступала адвакатам беларускіх уладаў на Сталым камітэце Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Афіцыйны Менск адчувае асаблівую патрэбу ў расейскім садзейнічаньні менавіта ў міжпарлямэнцкіх арганізацыях, бо ў Радзе Эўропы Беларусь не прадстаўленая ўвогуле, а ў парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ яе прадстаўляюць дэпутаты Вярхоўнага Савету.

Магчыма, беларускія і расейскія дыпляматы адчуваюць задавальненьне ад такой узаемнай падтрымкі. Але якая эфэктыўнасьць гэтага ўзаемадзеяньня?

Адказ на гэтае пытаньне даў сёньня Ігар Іваноў пад час сустрэчы з Уладзімерам Ярмошыным. Пасьля таго, як Іваноў і Ярмошын абмяняліся пратакольнымі ветлівасьцямі, журналістаў папрасілі пакінуць залю, дзе праходзіла сустрэча, але яны пасьпелі пачуць фразу, сказаную Івановым Ярмошыну: "Часьцяком так атрымліваецца, што мы застаемся толькі ўдвох у міжнародных арганізацыях – напрыклад, у АБСЭ".

Гэта суровая, але справядлівая адзнака плёну супрацоўніцтва беларускай і расейскай дыпляматыяў.

XS
SM
MD
LG