Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Абвінавачаньні на адрас Расеі ў празьмерна жорсткім ужываньні сілы ў Чачні і гэнацыдзе цывільнага насельніцтва зноў пацьверджаныя. Праваабарончая Арганізацыя "Human Rights Watsh" з сядзібай у Ню-Ёрку апублікавала сьпіс 62-х чачэнцаў, расстраляных расейскімі вайскоўцамі і запатрабавала правесьці сьледзтва ў справе парушэньняў правоў чалавека ў Чачні…

Супрацоўнікі "Human Rights Watsh" падрыхтавалі справаздачу на падставе паказаньняў чачэнскіх уцекачоў у адным з лягераў у Інгушэтыі. Паводле сьведчаньняў 6-ці чалавек, якія былі сьведкамі адной з найбольш жахлівых бойняў, толькі за адзін дзень ў сыботу 5-га лютага ў паўднёвым прыгарадзе Грознага Алдзі расейскія вайскоўцы расстралялі некалькі дзесяткаў чалавек.

Адна са сьведкаў – 41-гадовая Сапіят, якая назірала за ўсім з суседняе вуліцы, паведаміла, што чэчэнскія байцы пакінулі Алдзі 29-га студзеня, аднак расейская артылерыя яшчэ на працягу трох дзён без перапынку бамбавала гэты сталічны прыгарад. "Раптам усё сьціхла, – разказала Сапіят, – і ў раён уехалі на танках і бронетранспарцёрах расейцы. Яны пачалі гэтак званую "зачыстку".

Мы думалі, што яны толькі будуць правяраць пашпарты, але яны вычышчалі ўсё жывое: забівалі хатнюю жывёлу, сабак і людзей без перабору – старых і малых". У гэтай зьверскай апэрацыі удзельнічалі каля ста жаўнераў-кантрактнікаў, некаторыя зь якіх былі пьяныя.

Паводле сьведчаньняў, расейцы рабавалі і падпальвалі жылыя дамы і гаспадарчыя будынкі, забіралі ў жыхароў грошы і ювэлірныя вырабы ўзамен за жыцьцё. . Неаднойчы расстрэльвалі і тых, ад каго атрымалі выкуп.

Памянёная намі сьведка Сапіят і жыхары ейнай вуліцы ўратаваліся, паколькі жаўнеры палічылі дамы на гэтай вуліцы проста зьнішчанымі, каб можна было там нешта знайсьці. Адзін са сьведкаў паведаміў, што як мінімум дзьве жанчыны былі згвалтаваныя.
Сярод забітых згадваецца пяць членаў сям'і Мусаевых, чацьвёра з сям'і Эсьціміравых, трое сябраў сям'і Ганаевых, сястра і брат-інвалід – агулам 82 чалавекі ва ўзросьце ад году да 80-ці. "Human Rights Watsh" здолела ўстанавіць імёны і прозьвішчы 62-х чалавек.

Згодна паказаньням сьведкаў, такія ж забойствы, хаця і ў меншых маштабах, адбываліся ў іншых раёнах Грознага. 10-га лютага "Human Rights Watsh" апублікавала справаздачу пра забойства 38 цывільных жыхароў Старапрамыслоўскага і пасьля жыхароў Акцябрскага раёну, у тым ліку цяжарнай жанчыны і маленькага дзіцяці. Раней арганізацыя ўстанавіла забойствы 17-ці чалавек у Алхан-Юрце. "Становіцца ўсё больш ясным, што гэта не спарадычныя інцыдэнты", – заявіла прадстаўнік "Human Rights Watsh" Голі Картнэр.

Гэтая праваабарончая арганізацыя працягвае сьледзтва ў справе згаданых забойстваў, але расейская армія спрабуе схаваць такія факты. Некалькі сьведкаў паведамілі, што 9-га лютага расейскія жаўнеры вярнуліся ў сталічны прыгарад Алдзі і папярэдзілі ацалелых жыхароў, каб маўчалі пра зьдзейсьненае."Мы ня бачылі вас, а вы ня бачылі нас. Так будзе лепш для ўсіх, інакш ведаеце, што вас чакае", – папярэдзілі расейскія вайскоўцы. Дарэчы, пагроза падзейнічала, паколькі многія сьведкі нізавошта не хацелі даваць паказаньняў, або прасілі не называць іхныя прозьвішчы.

Расейскія камандзіры адмаўляюць усялякія факты забойстваў цывільнага насельніцтва. У адказ на крытыку з боку заходніх арганізацыяў і ўрадаў Уладзімір Пуцін прызначыў новага камісара ў пытаньні правоў чалавека ў Чачні. Учора новы камісар Уладзімір Каламанаў абяцаў у часе прэс-канфэрэнцыі праверыць паведамленьні з Чачні, але абмяркоўваць канкрэтныя абвінавачаньні на адрас расейскіх вайскоўцаў адмовіўся.

XS
SM
MD
LG