Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Паміж Маладэчняй і Смаргоньню, у мястэчку Залесьсе, прыходзіць у заняпад маёнтак славутага беларускага й польскага кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса Агіньскага. Цудоўная мясьціна, некалі названая Паўночнымі Афінамі, гіне пад гнётам часу й пераменлівага клімату...

Нядаўна родавае гняздо наведаў музыкант і пісьменьнік з Ангельшчыны Анджэй Залускі – прамы нашчадак Агіньскага па лініі ягонае дачкі Амэліі, якая нарадзілася менавіта ў Залесьсі. Візыт Залускага быў прымеркаваны да выхаду аўтарскае кнігі на ангельскай і расейскай мовах "Час і музыка Міхала Клеафаса Агіньскага".

Але маральнага задавальненьня ад сустрэчы зь месцам, дзе прайшлі лепшыя гады ягоных продкаў, Залускі наўрад ці атрымаў. Напярэдадні 235-й гадавіны з дня нараджэньня чалавека з сусьветнай славаю маёнтак па-ранейшаму палохае рэдкіх наведвальнікаў выбітымі шыбамі й запусьценьнем.

Больш за 20 гадоў сям'я Агіньскіх пражыла ў Залесьсі. Менавіта тут быў напісаны славуты паланэз ля-мінор, які сасланыя ў Сібір паўстанцы Касьцюшкі пазьней назвалі "Разьвітаньне з Радзімаю". Цікава, што пад час нядаўняга візыту ў Сібір выканальнік абавязкаў прэзыдэнта Расеі Пуцін адзначыў, што паланэз Агіньскага, паводле ягонага мастацкага густу, знаходзіцца па-за канкурэнцыяй. Пра тое, што месца, дзе паланэз нарадзіўся, паціху зьнікае з твару зямлі, Пуцін, відаць, нават не здагадваецца.

Найгоршыя для маёнтку дні наступілі пасьля верасьня 1939 году. Пасьля вайны тут разьмясьцілі дом састарэлых. На пачатку 70-х парадкам занядбаная тэрыторыя перадаецца на балянс заводу "Смаргоньсілікатабэтон". Потым на ўзроўні раённага камітэту КПБ усур'ёз разглядалася пытаньне, так бы мовіць, бульдозэрнай атакі: на месцы сядзібы зьбіраліся пабудаваць "машынна-трактарны стан". На шчасьце, распад СССР перашкодзіў камуністычнай авантуры.

Напачатку 90-х у Залесьсі зьявіўся буйны польскі камэрсант-будаўнік Тадэвуш Полак, які браўся аднавіць сядзібу на працягу году. Але пакуль бюракраты высьвятлялі, у чыім падпарадкаваньні помнік культуры, у пана Полака лопнула цярпеньне.

Аднаўленчыя работы ўрэшце былі даручаныя бясконца далёкай ад нормаў і паняцьцяў рэстаўрацыі будаўнічай управе са Смаргоні.

За мінулы год будаўнікі скарысталі толькі адзін мільярд недамінаваных рублёў – гэта ўсё, на што ў фінансавым пляне здольны замоўшчык, Міністэрства культуры. Іншымі словамі, недзе тысяча даляраў на рэанімацыю 20 гэктараў запушчанае тэрыторыі.

Зараз адносны парытэт паміж парадкам і варварскай псыхалёгіяй падтрымліваецца сіламі аднаго чалавека – навуковага супрацоўніка будучага музэю Сяргея Верамейчыка. Акрамя абавязкаў гіда, заняткаў зь дзіцячым тэатрам "Апалонік" і ў студыі мастацтваў, Верамейчык спрабуе прабіць бюракратычныя сьцены.

(Сяргей Верамейчык: ) "Рэстаўрацыйныя працы па сядзібе Агіньскага ў Залесьсі пачаліся ад 79-га году. З пачатку 90-ых быў уздым рэстаўрацыі, былі ўзьведзеныя млын, альтанка ў парку, адрэстаўраваная каплічка, якая перададзеная мяйсцовай каталіцкай парафіі, і ў ёй зараз тры разы на тыдзень праходзяць набажэнствы. Таксама былі зробленыя агульнабудаўнічыя работы па маёнтку.

Потым рэстаўрацыя спынілася, і да гэтага часу сядзіба Агіньскага знаходзіцца ў стане зацягнутай рэанімацыі – "пад капельніцай". Мінулым і пазамінулым годам па палацы нічога ня зроблена. Праэктыроўшчыкі ніяк не маглі вырашыць, як рэстаўраваць цэнтральную частку палацу. І толькі нядаўна, убачыўшы, што яна ў крытычным стане, далі дазвол на ўзьвядзеньне кансэрвацыйных рыштаваньняў.

Раз на год – 25 верасьня – сядзіба ажывае. Зьяўляюцца людзі – гэта студэнты, настаўнікі, вучні з Віцебску, Маладэчні, Смаргоні, Менску, Міру. Гэтая традыцыя пачалася з 90-га году. Летась дзень народзінаў Агіньскага адзначаўся пошукамі бэльвэдэру. Яго госьці Агіньскага шукалі па знойдзенай нядаўна паэме «Залесьсе», якую напісаў у 1822 годзе студэнт Віленскага Ўнівэрсытэту, сябра Міцкевіча, філямат Аляксандар Ходзька.

Так што, нягледзячы на маруднасьць рэстаўрацыі, Залесская сядзіба раз на год, здаецца, набывае рысы ці ўспамінае славу былых паўночных асін. І ў сьвятах адраджаецца імя дыплямата, паплечніка Касьцюшкі і Ясіньскага, сэнатара, музыкі і кампазытара Міхала Клеафаса Агіньскага".

Сучасьнікі Агіньскага ў сваіх успамінах часта параўноўвалі жыцьцё ў Залесьсі з цывілізаванай разьмеранасьцю Вярсаля. Сёньня такое параўнаньне сьмешнае і недарэчнае. Хутчэй, можна казаць пра стыль калгасу імя Леніна, на тэрыторыі якога маёнтак і зьмяшчаецца.

XS
SM
MD
LG