Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Спробы амэрыканскіх рэгілійных ды грамадзкіх арганізацыяў наладзіць супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам застаюцца безвыніковымі. Такую выснову можна зрабіць з вынікаў візыту прадстаўнікоў Міжнароднай асацыяцыі "Хрысьціянскі мост" і кампаніі "Ilinny Group Limited". Высокія беларускія чыноўнікі выказваюць разуменьне прапановаў дэлегацыі з ЗША, але пра канкрэтныя праекты гаворкі пакуль не вядзецца.

Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі "Хрысьціянскі мост", кансультант шэрагу амэрыканскіх кангрэсмэнаў і сэнатараў у пытаньнях правоў чалавека й свабоды веравызнаньня Майкл Маргуліс спрабаваў давесьці кіраўніку лукашэнкавай адміністрацыі Міхалу Мясьніковічу й некалькім міністрам канцэпцыю духоўна-палітычнага супрацоўніцтва.

Яе сэнс палягае ў тым, што дзеля нармалізацыі стасункаў паміж Беларусьсю й ЗША асноўную увагу трэба надаць супрацоўніцтву на рэлігійнай глебе. Сутнасьць магчамага супрацоўніцтва Майкл Маргуліс журналістам гэтак і не растлумачыў. Вядома толькі, што беларускія чыноўнікі сустрэлі прапановы з разуменьнем.

Прадстаўнікі грамадзкіх і рэлігійных арганізацыяў ЗША з прадстаўнікамі трэцяга сэктару не сустракаліся. Дэлегацыя прыехала на афіцыйнае запрашэньне ўраду. Паводле словаў Майкла Маргуліса, менавіта гэты факт абумоўлівае кола ўдзельнікаў перамоваў.

Адказваючы на пытаньне "Радыё Свабода", наколькі плённым можа аказацца супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі, якія ўжо каторы год ажыццяўляюць антызаходнюю палітыку, скіраваную ў першую чаргу супраць Злучаных Штатаў, Майкл Маргуліс зазначаў, што падводзіць канчатковыя вынікі перамоваў яшчэ рана. Датычна ж рэгулярных антыамэрынканскіх выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, спадар Маргуліс лічыць, што яны найперш выкліканыя простай чалавечай крыўдаю. Майкл Маргуліс спадзяецца, што гэтыя выпады на супрацоўніцтва не паўплываюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG