Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

У Беларусь паступаюць першыя партыі чэскага фуражнага збожжа, з дапамогаю якога ўлады разьлічваюць выратаваць калгасную жывёлу ад голаду. Адначасова зьявілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што збожжа выкарыстоўваецца зусім не для гэтых мэтаў.

Часовы павераны Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік на маё пытаньне, ці вядома яму што-небудзь пра тое, што фуражнае збожжа, якое Беларусь купіла ў чэскіх фірмаў, каб выратаваць сваю жывёлагадоўчую галіну, быццам бы затрыманае пры спробе перавозу яго зь Беларусі ў Расею, адказаў вельмі спакойна: "Прабачце, але гэта ўжо ня нашыя справы. Чэскім яно было толькі да мяжы. А далей мы ня маем да гэтага збожжа аніякага дачыненьня".

Нагадаем, што ўрад Беларусі ва ўмовах вострага дэфіцыту кармоў шукаў магчымасьці купіць вялікую колькасьць фуражнага збожжа. Прычым, на ўмовах хаця й кароткага – на 5-6 месяцаў – але крэдытаваньня. І чэскія фірмы, якія маюць права паводле законаў гэтае краіны прадаваць фуражнае збожжа без ліцэнзіі і абмежаваньняў, заключылі кантракты на пастаўку Беларусі 140 тысячаў тонаў. Першыя партыі збожжа ўжо накіраваныя ў Беларусь. Але далейшы іхны лёс спадару Фойціку невядомы, паколькі, як ён тлумачыць, гэта была чыста камэрцыйная апэрацыя прыватных структураў.

Між тым, 31 студзеня Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» зьвярнулася да ўраду Чэхіі з просьбаю забясьпечыць жорсткія захады контролю за мэтавым выкарыстаньнем крэдыту (ягоны памер, дарэчы, каля 60 мільёнаў амэрыканскіх даляраў), які выдаецца на закупку збожжа. «Народная Грамада» разумее, што выдача збожжа ў крэдыт ёсьць спосабам дапамогі беларускаму народу, а не актам падтрымкі рэжыму Лукашэнкі.

Але аўтары заявы лічаць, што «рэальна існуе небясьпека нямэтавага выкарыстаньня збожжа, напрыклад, дзеля перагонкі на сьпірт або дзеля перапродажу трэцяй краіне і папаўненья пазабюджэтных прэзыдэнцкіх фондаў».

Лідэр «Народнай Грамады» Мікола Статкевіч, зь якім я сёньня размаўляў, кажа, што яму асабіста невядомы факт затрымкі чэскага збожжа з мэтаю перапродажу яго ў Расею. Але тое, што такі выпадак мог мець месца, яго ніколькі не зьдзіўляе. Паводле спадара Статкевіча, ад нашых чыноўнікаў можна чакаць усяго. Зыходзячы з гэтага, і была прынятая ўзгаданая заява, якая была перададзеная ў амбасаду Чэскае Рэспублікі ў Беларусі.

Сёньня зьявілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, нібыта беларускія ўлады вядуць перамовы з ЭўраЗьвязам пра закуп буйное партыі збожжа. І быццам бы ЭўраЗьвяз гатовы на такі крок. Адзінае, што стрымлівае падпісаньне кантракту – цэны. Пастаўшчыкі збожжа хацелі б прадаваць яго па 116 даляраў за тону. А беларускі бок лічыць, што гэта занадта дорага. Паўтаруся, інфармацыя гэтая неафіцыйная. Нельга выключаць, што яна распаўсюджваецца наўмысна, з мэтаю дыскрэдытацыі эўраструктураў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG