Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(Эфір 22 Лютага)
З патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі выступілі сёньня ўдзельнікі мітынгу ў абарону правоў чалавека, які адбыўся на пляцы Бангалёр у Менску.

На пляцы Бангалёр сабралася каля трыццаці ўдзельнікаў мітынгу – у бальшыні прадстаўнікоў Лігі правоў чалавека – арганізацыі, якой улады адмовілі ў перарэгістрацыі.

Пераважна гэта людзі, якія засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. У свой час яны прайшлі амаль праз усе праваахоўныя інстанцыі – ад раённага аддзелу міліцыі да Генэральнай пракуратуры і Вярхоўнага суду. Два месяцы таму зьвярталіся ў адміністрацыю Лукашэнкі. Але ўсё безвынікова.

Цяпер яны зьехаліся з розных куткоў Беларусі, каб разам выйсьці на пляц. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў мітынг толькі на пляцоўцы дзеля выгулу сабак у парку "Дружбы народаў", што каля пляцу Бангалёр. На вачох журналістаў і супрацоўнікаў міліцыі ўдзельнікі мітынгу сталі ў кола і па чарзе праз гукаўзмацняльнік распавядалі пра свае пакуты.

Усе выступоўцы пераважна крытыкавалі працу праваахоўных ворганаў, прыводзілі прыклады парушэньня заканадаўства супрацоўнікамі міліцыі і пракуратуры.

Напрыклад, Тацяна Кірылава ў сваім выступе паведаміла пра тое, што прыехала на мітынг з Ваўкавыску, бо парушаюцца ейныя правы. Пры засяленьні ў кватэру яна сутыкнулася зь перавышэньнем улады з боку супрацоўніка міліцыі. Зафіксавала пабоі. Але пракуратура прайгнаравала ейныя скаргі на дзеяньні міліцыянтаў.

Яна сьцьвярджае, што з-за гэтага ненармальнага становішча яна й сын захварэлі. Тацяна Кірылава паведаміла "Радыё Свабода":

"Я зараз інвалід ІІ групы. Майго хлопчыка амаль выкінулі з санаторыя для хворых на сухоты. Хлопчык ня можа нармальна вучыцца. Мне адмаўляюць у мэдычнай і фармакалягічнай дапамозе. Была нават спроба адправіць мяне ў шпіталь для псыхічна хворых, а майго сына ў дзіцячы дом.

У нас у міліцыі вельмі распаўсюджанае п'янства. Участковы міліцыянт, што мяне зьбіваў – можа ўначы выбіць дзьверы маёй кватэры, бо ведае, што яму за гэта нічога ня будзе. Мяне некалькі разоў забіралі й кідалі ў клетку ў міліцэйскім пастарунку, хаця я вяду сябе прыстойна. Аднойчы мяне кінулі ў выцьвярэзьнік, а дзіця засталося ў дзіцячым садку. Мяне абараняюць мясцовыя жыхары, але гэтага мала, каб спыніць перасьлед з боку міліцыі", – распавяла Тацяна Кірылава.

Валянціна Глухава з Бабруйску таксама скардзілася на дзеяньні міліцыянтаў…

(Глухава: ) "Абрабавалі мяне. Скралі 51 000 расейскіх рублёў, гэта каля 8 000 амэрыканскіх даляраў, а пратакол склалі на 1500 рублёў. Намесьнік начальніка міліцыі Кіраўска вёў паляваньне на мае грошы. Ён піхнуў мяне, я ўдарылася грудзьмі аб дзьверцы машыны. Пасьля гэтага ў мяне ўтварылася ракавая пухліна, мне была зроблена апэрацыя, і я ўжо інвалід. Куды б ні зьвярталася, адусюль толькі адпіскі".

Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся даць нашаму радыё сваю ацэнку таго, што пачулі на мітынгу. Паводле іхных словаў, пачутае не зьяўляецца для іх навіною. Маўляў, няма роду без выроду.

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі й зварот у Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў з прапановаю скласьці камісію і накіраваць яе ў Беларусь дзеля высьвятленьня сытуацыі, зьвязанай з парушэньнямі правоў чалавека.

XS
SM
MD
LG