Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Усе адвакаты абвінавачваных па справе дэпутата Андрэя Клімава просяць суд апраўдаць Клімава ды іншых падсудных, паколькі ніхто зь іх не рабіў ніякага злачынства.

Ужо дзесяць адвакатаў выступілі з прамовамі ў абарону Андрэя Клімава ды іншых, хто праходзіць разам зь ім у справе аб гэтак званым крадзяжы трох мільярдаў на будоўлі дому па Лодачнай вуліцы ў Менску.

Уражвае катэгарычнасьць высноваў абароны, адзінадушнасьць у гэтых высновах і сур'ёзнасьць прыведзеных аргумэнтаў. Гэтак, усе абаронцы сыходзяцца ў патрабаваньні ня проста прызнаць недаказанай віну Клімава ды іншых падсудных, а апраўдаць іх з прычыны адсутнасьці складу злачынства. У перакладзе зь юрыдычнай мовы гэта азначае: адвакаты падазраюць сьледчых у тым, што тыя паспрабавалі даказаць тое, чаго не было.

"Крадзеж маёмасьці немагчымы без папярэдняй задумы нешта скрасьці, каб атрымаць канкрэтную выгоду. Ані доказаў існаваньня гэтакае задумы, ані доказаў атрыманьня выгоды сьледзтва суду не прад'явіла", – даводзілі адвакаты.

Пра гэта ўчора заявілі і Гары Паганяйла, які абараняў Андрэя Клімава, і Сяргей Буякевіч, адвакат намесьніка Клімава Леаніда Ваўковіча. Пра гэта ж сёньня казалі Сяргей Пятровіч і Валянціна Лятун, якія абараняюць падсудных Шахаву й Рагачову.

Адвакатка Лятун, у прыватнасьці, нагадала матэрыялы сьледзтва, у якіх фігуруе меркаваньне сьледчых , што кожнаму з прыцягнутых да "бандыцкай групоўкі" Клімаў быццам бы плаціў па 100 даляраў штомесяц за фальсыфікацыю дакумэнтаў. Але гэтыя меркаваньні сьледчых у судзе не былі пацьверджаныя сьведкамі ці нейкімі дакумэнтамі, і таму адвакатка Лятун лічыць, што гісторыя пра 100 даляраў прыдуманая сьледчымі, каб падмануць суд. Іншыя абаронцы зь ёю згодныя.

Яшчэ на адзін цікавы момант зьвярнуў увагу адвакат Сяргей Пятровіч. Ягоная падабаронная Шахава, якая працавала ў фірме Клімава, абвінавачваецца ў тым, нібы запоўніла шэраг фіктыўных папераў, каб схаваць прыпіску цэглы. Цікава, аднак, што ня менш падобных папераў запоўніла нейкая нявысьветленая сьледзтвам калега Шахавай, да якой чамусьці ў сьледзтва прэтэнзіяў няма… Хто гэтая нявысьветленая асоба, чаму сьледзтва на яе не зьвярнула ўвагу, а ўсю адказнасьць за паперы ўсклала толькі на Шахаву?

Адвакат нагадвае, што разам з Шахавай працавала дачка аднаго з кіраўнікоў управы капітальнага будаўніцтва – таго самага, якое заключыла з Клімавым дамову на пабудову дому. Менавіта гэты кіраўнік потым падтрымаў зыск УКБы да фірмы Клімава, без чаго гаворкі пра страты ўвогуле б не атрымалася.

Такая "разборлівасьць" сьледчых выклікае ў адваката зьдзіўленьне. Але Сяргей Пятровіч ўпэўнены, што злачынства не ўчынілі ані Шахава, ані яе нявысьветленая калега – яны проста дублявалі ў дакумэнтах памылку, якая была зробленая стваральнікамі каштарысу дому яшчэ ў 1991 годзе.

Грамадзкі абаронца Леанід Бурэнка, якому выпала кіраваць завяршэньнем будаўніцтва ўжо пасьля арышту Клімава, ацаніў зробленую папярэднікам працу на "выдатна". Паводле Бурэнкі, гэты дом унікальны ня толькі паводле складанасьці, але й паводле якасьці выкананьня праекту.

Бурэнка з дапамогаю лічбаў даказваў, што фінансаваньне будоўлі Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт сыстэматычна спыняў, з-за чаго, каб не замарозіць аб'ект, Клімаў вышукваў іншыя крыніцы фінансаваньня, браў крэдыты, выкарыстоўваў асабістыя абаротныя сродкі. Таму да канчатковага разліку немагчыма казаць пра нейкія страты. Больш таго, падлікі, зробленыя Бурэнкам, паказваюць, што ў выніку менавіта УКБ гарадзкога выканаўчага камітэту вінаваты фірме Клімава пэўныя грошы, а не наадварот.

Падсумаваць вынікі выступаў адвакатаў я папрасіў вядомага абаронцу Гары Паганяйлу. Ён сказаў: "…Усе адвакаты абгрунтавана й доказна выклалі суду сваі пазыцыі пра апраўданьне падабаронных", – лічыць Паганяйла і падкрэсьлівае, што доказы адвакатаў грунтаваліся на законах Беларусі й нарматыўнай будаўнічай базе.

Паводле абаронцы, галоўны доказ невінаватасьці Клімава – існаваньне дамовы аб пабудове дому "пад ключ", якая не была парушаная, каштарыс будоўлі ня быў перабраны. Таксама Паганяйла лічыць вельмі йстотным, што пад час сьледзтва былі парушаныя многія законы, што нівэлюе базу доказаў. "Сьледзства было забавязанае зрабіць замеры ўсяго дому, спраўдзіць усю бугальтэрыю, і толькі потым ставіць пытаньне – вінаваты хто ці не. На самой справе, Клімаў быў арыштаваны, як кажуць, усьляпую, без канкрэтнае віны, і толькі потым пад яго пачалі "капаць", каб апраўдаць арышт", – лічыць Паганяйла.

Абаронца зноў і зноў падкрэсьлівае заказны й палітычны характар справы Клімава. Гары Паганяйла кажа: "…Сьледзтва паводле загаду кагосьці зьверху, хто загадаў арыштаваць Клімава, проста сфальсыфікавала абвінавачваньне, раздула гэтае кадзіла й прадставіла факт памылкі злачынствам, якога на самой справе не было".

Гэтак лічыць абаронца Клімава Гары Паганяйла.

XS
SM
MD
LG