Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Адміністрацыя Лукашэнкі заяўляе, што грамадзкія аб'яднаньні, якія прадстаўляюць 80 адсоткаў жыхароў краіны, ужо выказалі жаданьне ўдзельнічаць у "грамадзка-палітычным дыялёгу". Стала відавочнай стратэгічная лінія ўладаў: запрасіць да дыялёгу як мага больш палітычных сілаў і прапанаваць да абмеркаваньня як мага больш пытаньняў.

Загадчык аддзелу сувязі з грамадзка-палітычнымі аб'яднаньнямі адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Вялічанскі сёньня на брыфінгу тлумачыў пазыцыю ўладаў наконт таго, што яны называюць "грамадзка-палітычным дыялёгам".

Адзначыўшы, што, сустракаючыся з прэсай, ён выконвае даручэньне кіраўніка адміністрацыі "прэзыдэнта", Вялічанскі паўтарыў тэзысы, выказаныя ўчора Аляксандрам Лукашэнкам – у "дыялёгу" могуць узяць удзел усе зарэгістраваныя палітычныя сілы й грамадзкія арганізацыі, а пералік пытаньняў да абмеркаваньня неабмежаваны.

Чыноўнік з лукашэнкавай адміністрацыі падкрэсьліў два прынцыповыя моманты, пры ігнараваньні якіх "дыялёг", на ягоную думку, ня можа прывесьці да жаданых вынікаў. Па-першае, гэта датрыманьне Канстытуцыі 96-га году, і па-другое, удзел дэпутатаў "Нацыянальнага сходу". Дарэчы, Вялічанскі ўпарта выкарыстоўваў паняцьце "дыялёг", не ўжываючы слова "перамовы".

На шматлікія пытаньні журналістаў канкрэтных адказаў не прагучала. Мэханізм, фармат і працэдура "дыялёгу" пакуль ня вызначаныя, удзел у ім уладных структурах яшчэ абмяркоўваецца. Ня стаў Вялічанскі камэнтаваць і тэрміны правядзеньня "дыялёгу", сказаўшы толькі, што гэты працэс разьлічаны не на адзін месяц, паколькі на яго выносяцца хваравітыя для грамадзтва праблемы.

Чыноўнік адміністрацыі не адказаў на маё пытаньне, ці будзе ўлада праводзіць дыялёг у тым выпадку, калі апазыцыйныя партыі і АБСЭ будуць настойваць на ранейшым фармаце перамоваў. Што да пасярэдніцтва міжнародныхструктураў, то тут Вялічанскі выказаўся больш канкрэтна:

(Вялічанскі: ) "Тая формула перамоўнага працэсу, якая выкарыстоўвалася раней, сёньня мяняецца. Так, на пэўным этапе АБСЭ і дыпляматычныя прадстаўніцтвы прымалі самы актыўны ўдзел у спробах наладзіць актыўны абмен інфармацыяй паміж прадстаўнікамі апазыцыйных колаў і ўладаю. Але сёньня ўзяць удзел у дыялёгу выказалі жаданьне грамадзкія аб'яднаньні, што прадстаўляюць 80 адсоткаў жыхароў Беларусі. З гэтага пункту гледжаньня ўдзел замежных прадстаўніцтваў адыходзіць на другі плян. Гэта ўсё ж такі ўнутрыбеларускі дыялёг".

Ужо пасьля брыфінгу Вялічанскі паведаміў журналістам, што да 1 сакавіка ўсе ахвотныя прыняць удзел у "дыялёгу" павінны падаць заяўкі. Такім чынам, будзе вызначанае кола людзей, гатовых сесьці за стол перамоваў з уладаю на ейных умовах.

Пры гэтым, як патлумачыў Вялічанскі, да "дыялёгу" запрашаюцца нават асобныя прадстаўнікі тых палітычных партыяў, якія прымуць рашэньне ня ўдзельнічаць у перамовах. "Калі ж апазыцыя адмовіцца ад дыялёгу, то няхай патлумачыць свае паводзіны народу", – адзначыў загадчык аддзелу адміністрацыі "прэзыдэнта".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG