Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Адзінаццаць месяцаў пасьля таго, як паветраныя удары сілаў НАТО спынілі сэрбскія рэпрэсыі супраць этнічных альбанцаў ў Косаве, заданьне пабудовы ў правінцыі шматэтнічнай дэмакратыі відавочна далёкае ад завяршэньня. Выразна адчулі гэта за апошнія некалькі дзён у горадзе Сэрбска Мітровіца і міратворчыя сілы, і адміністрацыя ААН, якія былі вымушаныя утаймоўваць магутны усплёск міжэтнічнай варажнечы

Напружанасьць у горадзе ўзрасла ў пачатку лютага, калі ў выніку выбуху супрацьтанкавай ракеты загінулі два сэрбы. У акце помсты сэрбы забілі дзевяцёх альбанцаў і дзесяткі чалавек паранілі. Затым альбанскія снайпэры абстралялі французкіх міратворцаў, якія адказалі агнём . Пасьля гэтага вайскоўцы НАТО пачалі вобыскі дамоў, канфіскавалі вялікую колькасьць нелегальнай зброі і арыштавалі некалькі чалавек. У нядзелю сотні сэрбаў адказалі на апэрацыю вобыску градам каменьняў. Генеральны сакратар НАТО Робэртсан асудзіў дзеяньні экстрэмістаў.

(Робэртсан: ) "На працяг гвалту мы будзем рэагаваць рашуча і не дапусьцім да яго. У прыватнасьці, ня будуць талераваныя атакі супраць міратворцаў НАТО. Гэта недапушчальна, каб меншасьць на любым баку этнічнага падзелу атакавала сілы, якія пасланыя міжнароднай супольнасьцю, каб усталяваць мір у правінцыі, ахопленай год таму міжэтнічным гвалтам. Няма сумневу, што Мілошавіч замешаны ў правакацыі з боку Сэрбаў, чаго дарэчы можна было і спадзявацца".

У Сэрбскай Мітровіцы па двух бакох ракі Ібар, жывуць прыблізна па 9-ць тысячаў этнічных альбанцаў і сэрбаў. У паўночнай, сэрбскай частцы пад аховай вайскоўцаў НАТО засталіся яшчэ каля дзьвюх тысячаў альбанцаў, аднак каля тысячы іх сэрбы выгналі са сваёй часткі гораду. Гэтак жа няўпэўнена адчувае сябе невялікая група сэрбаў у альбанскай частцы гораду: яны згуртавалася ў праваслаўным храме пад аховай французкіх вайскоўцаў.

Учора бяспарадкі дасягнулі апагею, калі 70 тысяч этнічных альбанцаў з цэнтральнага раёну правінцыі Дрэніца наладзілі дэманстрацыю салідарнасьці з суайчыньнікамі з Сэрбскай Мітровіцы. Марш арганізаваў адзін з лідэраў Арміі Вызваленьня Косава і сябра цяперашняга ўраду правінцыі Гашым Тачы. Дэманстранты дамагаліся аб'яднаньня гораду і выказвалі абурэньне тым, што сэрбы не дазаляюць вярнуцца у свае дамя дзесяці тысячам альбанцаў. Удзельнікі маршу несьлі сьцягі Альбаніі, ЗША і Аб'еднаных Нацыяў, выкрыквалі лёзунгі ў гонар Арміі Вызваленьня Косава і спрабавалі разабраць усталяваныя міратворцамі барыкады.

Яны закідалі вайскоўцаў НАТО каменьнямі і бутэлькамі, а тыя адказалі сьлезацечным газам. Зь верталётаў пасыпаліся лістоўкі на альбанскай мове з заклікамі: "Захоўвайце спакой…мы перасьцерагаем вас: гвалт ня служыць нікому". Міратворцы зь Велікабрытаніі, Канады і Францыі перагарадзілі ім мост на рацы Ібар, за якою падрыхтаваліся да абароны каля чатырох тысячаў ня менш раз'юшаных узброеных сэрбаў. Іхны лідэр Олівэр Іванавіч заявіў, што калі натоўп альбанцаў паспрабуе перайсьці мост, тады пальецца кроў.

У міжчасе 350 амэрыканцаў ахоўвалі другі мост. Пааасобныя інцыдэнты працягваліся і пасьля абвяшчэньня камэнданцкай гадзіны.

Пасьля амаль пяці гадзінаў хваляваньняў на балкон пастарунку выйшлі камандзіры сілаў НАТО, адміністратар ААН Кушнэр і альбанскія лідэры. Яны спрабавалі супакоіць дэманстрантаў і запэўнілі натоўп , што горад у канчатковым выніку будзе аб'яднаны.

Забурэньні ў Косаўскай Мітровіцы супалі з умацаваньнем вайсковай прысутнасьці Белграду у раёне мяжы з Косавам. У лісьце на імя Рады Бясьпекі ААН югаслаўскі урад заявіў, што эскаляцыя гвалту у Мітровіцы выкліканая "несправакаванымі, нахабнымі паводзінамі сілаў НАТО супраць сэрбскага насельніцтва Мітровіцы". На думку амабасадара ЗША ў ААН Голбрука, дадатковыя югаслаўскія сілы ў памежным раёне ствараюць новыя запальныя кропкі. Генэральны сакратар НАТО Робэртсан перасьцярог, што альянс ня будзе талераваць дэманстрацыю сілы з боку югаслаўскай арміі і гатовы да адпаведных крокаў ў адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG