Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

На тле заяваў крамлёўскага кіраўніцтва пра перамогі фэдэральных войскаў у Чачні, пашыраецца занепакоенасьць праваабарончых арганізацыяў становішчам мірнага насельніцтва. Агляд міжнароднай прэсы

У сёняшнім нумары "Washington Post" Дэвід Хофман распавядае пра ўчарашнюю цырымонію сьвяткаваньня ў Расеі гэтак званага "Дня абаронца Айчыны" ў аэрапорце "Паўночны", што з Грозным, якое мусіла сымбалізаваць перамогу расейцаў у Чачні. На цырымоніі прысутнічаў і міністар абароны Ігар Сяргееў. "Дзеля міру на гэтай шматпакутнай зямлі нам патрэбная агульная перамога," – цытуе "Washington Post" словы міністра і нагадвае чытачам, што чачэнская вайна каштавала тысячаў чалавечых жыцьцяў – як фэдэральным сілам, гэтак і чачэнскім паўстанцам.

Афіцыйна Дзень абаронцаў Айчыны сьвяткуецца 23 лютага.

Агэнцтва "France Presse" нагадвае: гэтая дата – жалобная для чачэнскага народe. 56 гадоў таму Сталін дэпартаваў амаль паўмільёны чачэнцаў і інгушоў у Сярэдняю Азію.. Дарэчы, яшчэ некалькі тыдняў таму расейскія сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на афіцыйныя крыніцы паведамілі, што чачэнскія паўстанцы рыхтуюцца адзначыць гэты дзень контрударамі па расейскіх войсках. Сёньня ў Інтэрнэце на чачэнскім вэб-сайце "Каўказ-цэнтар" зьявілася заява віцэ-апрэмьера Чачні Вахі Арсанава, які абвяргае гэтыя зьвесткі. "Дзеяньні чачэнскага войска не залежаць ад нейкай даты альбо падзеі. Агрэсары будуць зьнішчацца кожны дзень, без выходных і сьвятаў", – падае словы чачэнскага віцэ прэзыдэнта сэрвэр "Каўказ-цэнтар".

Вяртаючыся да падзеяў 23 лютага 44 году, "France Presse" распавядае, што ў часе дэпартацыі чачэнцаў і інгушоў перавозілі ў халодных вагонах, прыстасаваных для перавозкі скаціны, тысячы чалавек, пераважна дзяцей і жанчынаў, загінулі па дарозе і ў халодных стэпах Казахстану і Кіргізіі.

Аднак, паведамляе "France Presse", сёньня шмат якія чачэнцы сьцьвярджаюць, што наўрад ці падзеі 50-гадовай даўніны былі больш страшныя за тое, што адбываецца цяпер.

Становішчам мірных жыхароў занепакоеныя і міжнародныя арганізацыі.

Вось што сказала прадстаўнік Вярхоўнага Камісара ААН у справах уцекачоў Мэры Робінсан:

(Робінсан: ) "Нядаўна зьвярнула на сябе ўвагу становішча тых, хто ўтрымліваецца ў лагеры Чарнакозава. Тыя, хто пакінуў лягер, распавядаюць жахлівыя гісторыі пра катаваньні. Таму мы павінныя сачыць за сытуацыяй і мець магчымасьць дапамагаць пацярпелым".

Майкл Вайнэс у сёняшняй "New York Times" цытуе сьведкаў трагедыі, якая адбылася ў вёсцы Алдзі, непадалёку ад Грознага. На прыканцы студзеня, калі апэрацыя расейцаў па захопу Грознага набліжалася да кульмінацыі, расейская артылерыя пачала няспынна абстрэльваць паселішча. І ўдзень, і ўначы бамбавала дамы і ваенная авіяцыя.

"І раптам ўсё спынілася" – узгадвае Сапіят, былая жвхарка Алдзі. – "Вайскоўцы пачалі "зачыстку". Нам здавалася, што яны толькі правераць пашпарты. Але гэта быў зьдзек. Яны зьнішчалі хатнюю жывёлу, сабак, а потым пачалі страляць у людзей – у дзяцей і старых," – цытуе "New York Times" словы сьведкі падзеяў, якія здарыліся 5 лютага.

У часе гутарак уцекачы баяцца называць свае сапраўдныя прозьвішчы. "New York Times" піша, што на мінулым тыдні быў арыштаваны адзін з тых, хто даў інтэрвью пра зьдзекі ў фільтрацыйных лягерах.

Там пры апэрацыі так званай "зачысткі", праведзенай расейскімі вайскоўцамі, загінула каля 80 мірных жыхароў. Некаторыя іншыя крыніцы называюць лічбу ў 115 чалавек. "Human Rights Watch" ня здолела праверыць гэтыя зьвесткі – міжнародныя назіральнікі, як вядома, на тэрыторыю, дзе робіцца так званая "зачыстка", не дапускаюцца. І пры гэтым расейскі ўрад ацэньвае заявы гуманітарных арганізацыяў як адмысловую прапаганду. Нервовую рэакцыю выклікаюць у Крамля і любыя спробы заходніх палітыкаў заклікаць да мірнага вырашэньня канфлікту.

Дарэчы, французская "Figaro" прыводзіць словы канцлера Аўстрыі Вольвганга Шюссэля, які абвінавачвае Эўразьвяз у палітыцы падвоеных стандартаў. "Эўрапейскія краіны ўводзяць санкцыі супраць Аўстрыі і адмаўляюцца весьці зь ёй дыялёг, – і тым часам падтрымліваюць адносіны з Расеяй, нягледзячы на вайну ў Чачні", – заявіў канцлер Аўстрыі газэце "Figaro" . Аднак, нягледзячы на стрыманую пазыцыю лідараў некаторых дзяржаваў, усё больш шырокія колы эўрапейскай і міжнароднай грамадзкасьці заклапочныя сітуацыяй у Чачні, якую характарызуюць як гуманітарную катастрофу.

XS
SM
MD
LG