Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня група бацькоў, што страцілі сваіх дзяцей у часе трагедыі на Нямізе, сустрэліся з генэральным пракурорам Алегам Бажэлкам, каб высьветліць, калі ж будзе скончанае расьледваньне гэтае справы. Генэральны пракурор лічыць, што расьледваньне, хутчэй за ўсё, будзе працягнутае на няпэўны тэрмін. Дзеля высьвятленьня некаторых акалічнасьцяў трагедыі можа быць адноўленая дзейнасьць дзяржаўнае камісіі на чале з прэм'ер-міністрам.

Бацькі ахвяраў трагедыі, аб'яднаныя ў надоечы зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Цэнтар сацыяльнай абароны "Няміга-99", вырашылі атрымаць ад генэральнага пракурора канкрэтны адказ, калі ж яго ведамства скончыць сьледзтва й назаве канкрэтных вінаватых. Бо ад часу трагедыі мінула ўжо амаль 9 месяцаў, а сьледзтва стала зацягваецца. Спачатку да кастрычніку, потым да лістападу, а апошні раз адтэрмінавалі да 29 лютага…

Днямі Алег Бажэлка патлумачыў гэта тым, што няспынна адкрываюцца новыя акалічнасьці трагедыі і знаходзяцца новыя пацярпелыя. Паводле ягоных словаў, ужо каля 200 чалавек заявілі, што пацярпелі тады.

Як паведаміла нашаму радыё старшыня рады Цэнтру сацыяльнай абароны "Няміга-99" Натальля Навакоўская, якая страціла ў тым падземным пераходзе 16-гадовую дачку Алю, на сустрэчу з генэральным пракурорам сёньня прыйшло шасьцёра бацькоў. Аднак да Бажэлкі пусьцілі толькі траіх – маўляў, у габінэце вельмі мала месца.

Алег Бажэлка паведаміў бацькам, што, хутчэй за ўсё, расьледваньне будзе працягнутае і пасьля 29 лютага. Прычыны ўсё тыя ж – узьнікненьне новых акалічнасьцяў. Аднак Бажэлка адмовіўся інфармаваць, як праходзіць расьледваньне, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.

Дзеля больш хуткага правядзеньня расьледваньня будзе адноўленая і праца дзяржаўнае камісіі, якая працавала першыя 10 дзён пасьля трагедыі. Нагадаю, што тады яе ўзначальваў прэм'ер Сяргей Лінг. Цяпер, на думку генэральнага пракурора, кіраваць яе дзейнасьцю будзе новы в.а. прэм'ера Ўладзімер Ярмошын. Як вядома менавіта ён, як тагачасны старшыня менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, узяў на сябе частку віны за трагедыю, і нават падаваў у адстаўку (зрэшты, не прынятую Лукашэнкам).

Яшчэ напярэдадні сустрэчы з Бажэлкам кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" Алег Воўчак паведаміў нашаму радыё, што ўлады, хутчэй за ўсё, будуць і надалей зацягваць расьледваньне, каб пазьней абвясьціць, што вінаватых няма. На думку Воўчака, уладам карысна зацягваць справу й дзеля таго, каб не аднавіўся разгляд матэрыяльнага зыску бацькоў да ўладаў. Падобнай думкі прытрымліваецца й Натальля Навакоўская:

"Усё гэта зацягваецца адмыслова, каб, па-першае, забылася; па-другое, вы разумееце – людзі не валодаюць інфармацыяй і бацькам цяжка, калі ім гаворыць розную лухту тая ж Царква, што мы вінаватыя, раз так іх выхавалі. Дзеці вінаватыя, што пайшлі туды. Сьледзтва зацягваецца, сам факт сьціраецца з памяці людзей. А тут яшчэ і такія падзеі наперадзе – выбарчыя кампаніі, і ўсялякія зьмены ва ўладных структурах. Усё гэта вельмі сумна", – паведаміла нашаму радыё спадарыня Навакоўская.

Аднак, паводле ейных словаў, актывісты Цэнтру "Няміга-99" зробяць усё, каб не дапусьціць ціхага спыненьня справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG