Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне беларуска-расейскае Міжбанкаўскае валютнае рады, у якім узялі ўдзел кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Пракаповіч і старшыня Цэнтральнага банку Расеі Герашчанака. Асноўным прадметам перамоваў быў праэкт пагадненьня ў стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру і ўвядзеньні адзінае валюты "саюзнае" дзяржавы. Сёньня ж Віктар Герашчанка сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Ярмошыным.

Усе сёньняшнія сустрэчы Віктара Герашчанкі адбываліся за зачыненымі дзьвярыма. Гэты рэжым канфідэнцыйнасьці быў створаны паводле прапановы старшыні Цэнтрабанку Расеі. Паседжаньне Міжбанкаўскае валютнае рады праходзіла ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Заслаўі. Удзень у перамовах быў зроблены перапынак, пад час якога Герашчанка сустрэўся з Лукашэнкам.

І гаспадар, і госьць былі вельмі стрыманыя ў выказваньнях. Лукашэнка назваў сваю сустрэчу з Герашчанкам гістарычнай, але дадаў, што настаў час, каб перамовы давалі плён. Старшыня Цэнтрабанку Расеі адказаў, што вынікі будуць, але пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Тады, паводле ягоных словаў, сытуацыя на 4 гады стабілізуецца і беларуска-расейскія стасункі стануць галоўнымі.

Нават паводле гэтых словаў ветлівасьці можна зразумець, што бакі даволі далёкія ад згоды. І прычына тут ня толькі ў тым, што Расеі, занятай выбарамі, пакуль проста не да Беларусі, але і ў існаваньні сур'ёзных супярэчнасьцяў паміж Менскам і Масквою ў пытаньнях адзінае валюты.

Некалькі тыдняў таму Пётар Пракаповіч заявіў, што Беларусь згодная, каб адзінай "саюзнай" валютаю быў расейскі рубель, але настойвае на тым, каб да стварэньня "саюзнага" банку галоўныя банкі абедзьвюх краінаў захоўвалі сваю самастойнасьць і разам займаліся эмісіяй адзінае валюты. Апроч таго, паводле меркавання афіцыйнага Менску, і ў адзіным "саюзным" банку беларускі бок павінен мець магчымасьць істотна ўплываць на прыняцьце рашэньняў.

Расейскія прадстаўнікі прытрымліваюцца супрацьлеглай думкі: яны лічаць, што цяпер і назаўжды адзіным эмісійным цэнтрам расейскага рубля мусіць быць Цэнтральны банк Расеі.

Напярэдадні паседжаньня міжбанкаўскага валютнага камітэту беларускі бак прадэманстраваў, што пакуль не зьбіраецца саступаць. У панядзелак Лукашэнка прыняў старшыню Нацыянальнага банку Пракаповіча і запатрабаваў ад яго на перамовах з расейскім калегам зыходзіць з прынцыпаў "саюзнае" дамовы, паводле якіх Беларусь і Расея захоўваюць свой сувэрэнітэт.

Зразумела, адмова ад нацыянальнае валюты ёсьць істотным абмежаваньнем сувэрэнітэту. Такім чынам, Лукашэнка фактычна заявіў, што расейскія прапановы для яго непрымальныя.

Дарэчы, сёньня пад час сустрэчы са старшынём Цэнтрабанку Расеі Лукашэнка заўважыў, што хаця Герашчанка і расеец, але пажадана было б, каб ён адстойваў ня толькі выключна расейскія інтарэсы, але ўзьняўся на міждзяржаўны ўзровень і не ўшчамляў інтарэсы Беларусі. Лукашэнка нават прыгадаў, што Герашчанка нарадзіўся на Магілёўшчыне…

Госьць адказаў, што пра свае карані памятае, але чамусьці ня выказаў вялікага жаданьня адстойваць адначасна інтарэсы і Беларусі, і Расеі.

XS
SM
MD
LG