Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


(Эфір 21 лютага)
Старшыня беларускага Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына днямі заявіла, што, хаця Выбарчы кодэкс падпісаны Лукашэнкам, гэта не азначае, што ў яго ня могуць быць унесеныя пэўныя зьмены й карэктывы. Спадарыня Ярмошына таксама запэўнівае, што кастрычніцкія парлямэнцкія выбары будуць празрыстымі й сумленнымі

Па камэнтар аб прынятым кодэксе мы зьвярнуліся да спэцыяліста ў галіне выбарчага права, аднаго з распрацоўнікаў альтэрнатыўнага закону "Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету", старшыні фонду імя Льва Сапегі Міраслава Кобасы:

(Невяроўскі: ) "Падпісаны нядаўна Лукашэнкам Выбарчы кодэкс многія спэцыялісты і ў Беларусі, і на Захадзе, лічаць недэмакратычным. Такой жа думкі прытрымліваюцца і прадстаўнікі беларускай апазыцыі. На вашую думку, у чым недэмакратычнасьць новага беларускага выбарчага закону?"

(Кобаса: ) "16 лютага быў падпісаны Выбарчы кодэкс, і ў канцэптуальным пляне гэты кодэкс паўтарыў той закон, які мы ўжо мелі – аб выбарах дэпутатаў мяйсцовых саветаў.

Захавалася мажарытарная сыстэма. Гэта фактычна азначае, што партыі ня будуць мець магчымасьці ў дастатковай ступені сябе праявіць.

Фармаваньне камісіяў таксама ідзе праз уладныя структуры, праз вэртыкаль, і вялікая небясьпека таго, што гэтыя камісіі будуць працаваць на ўладныя структуры.

Фінансаваньне кампаніі ізноў – толькі зь дзяржаўных крыніцаў, і не дазваляецца далучаць ніяціх іншых крыніцаў.

Доступ да СМІ. Вельмі цяжкія перамовы, у якіх намячаўся нейкі кампраміс, былі перакрэсьленыя.

Нагляданьне за выбарамі. Няма дастатковай яснасьці ролі наглядальнікаў: калі сказана, што прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў маюць статус наглядальніка, то няма яснасьці што да палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў – проста сказана, што яны могуць прысутнічаць. А які іх статус, якія правы – невядома ?

Ну, і падвядзеньне вынікаў галасаваньня. Таксама ёсьць праблемы, бо як часта ўжо бывала – і гэты кодэкс пакідае такі мэханізм, каб адны вынікі мець на выбарчым участку і другія – пасьля таго, як гэтыя дадзеныя будуць прадстаўленыя ў акруговую камісію".

(Невяроўскі: ) "Улады і дзяржаўныя мас-мэдыя ў якасьці аргумэнту таго, што выбарчы кодэкс зьяўляецца дэмакратычным, спасылаюцца на заключэньне экспэртаў Вэнэцыянскай камісіі, якія нібыта прызналі, што выбарчае заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным стандартам. Што вы думаеце з гэтай нагоды?"

(Кобаса: ) "Я таксама чуў два водгукі ад двух сяброў гэтай камісіі, але я таксама ведаю заключэньне аднаго з ангельскіх вучоных, які камня на камні не пакінуў ад гэтага выбарчага кодэксу".

(Невяроўскі: ) "Старшыня ЦВК Ярмошына гаворыць, што, згодна з законам, прадстаўнікі палітычных партыяў могуць быць уключаныя ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Яна таксама не выключае, што ў выбарчы кодэкс могуць быць унесеныя некаторыя зьмены…"

(Кобаса: ) "Што тычыцца магчымасьці ўключэньня партыяў у камісіі – то тут пытаньне трэба пачынаць ад самага пачатку: ад фамаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіі. Так што пытаньне значна глыбейшае і складанейшае. Што да магчымасьці ўнясеньня нейкіх паправак у выбарчы кодэкс – зразумела, што яны ня будуць мець канцэптуальнага характару. А тут ёсьць рэчы, якія патрабуюць канцэртуальнай зьмены".

(Невяроўскі: ) "А што, на вашую думку, трэба зрабіць у цяперашняй сытуацыі, калі кодэкс ужо прыняты, каб сёлетнія выбары ўсё ж былі прызнаныя дэмакратычнай супольнасьцяй?"

(Кобаса: ) "Я ня бачу іншага выйсьця, як толькі прыняць нармальны выбарчы кодэкс ці выбарчы закон. Але, думаю, улады не гатовыя пайсьці на гэта, бо калі б была такая гатоўнасьць, гэта было б ужо зроблена да падпісаньня. І апазыцыя была гатовая ісьці на перамовы – у тым ліку і па пытаньні выбарчага кодэксу…"

Гутарыў
Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG