Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У Кыргызстане адбыліся парляманцкія выбары. Але да іх не была дапушчаная бальшыня апазыцыйных рухаў і партыяў. АБСЭ выказала занепакоенасьць з прычыны абмежаваньняў на палітычную дзейнасьць у гэтай краіне. На пытаньні Сяргея Навумчыка адказвае супрацоўнік кіргызскай службы радыё "Свобода" Нарын Айып

(Навумчык: ) "Спадар Нарын, чым патлумачыць тое, што прэзыдэнт Аслан Акаеў, які яшчэ пяць гадоў таму меў імідж ці не самага дэмакратычнага лідара ў СНД, – цяпер скарыстоўвае сумнеўныя прыёмы ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў?"

(Нарын Айып: ) "Хаця прэзыдэнт Акаеў у параўнаньні зь некаторымі іншымі прэзыдэнтамі здаецца больш дэмакратычным (і ён сапраўды больш дэмакратычны, чым Карымаў альбо Ніязаў), але нельга сказаць, што ён сапраўдны дэмакрат. Ён навуковец, акадэмік, але прыйшоў да ўлады выпадкова, на хвалі дэмакратычных пераўтварэньняў у 90-ым годзе. А чалавек, які апынуўся ва ўладзе выпадкова і ня быў падрыхтаваны да такой вялікай адказнасьці, – у яго зьяўляецца жаданьне гэтае выпадковае шчасьце захаваць. Да гэтага ж падштурхоўвае і бліжэйшае атачэньне. І атрымліваецца, што кожны, хто можа быць патэнцыйным канкурэнтам – адхіляецца любымі спосабамі, палітычнымі і непалітычнымі".

(Навумчык: ) "Выбары ў парлямант Кыргызстану праводзяцца як па тэрытарыяльных акругах, так і па партыйных сьпісах. Паводле папярэдніх дадзеных, на першае месца ў партыйных сьпісах выйшлі камуністы. Як Вы гэта патлумачыце? "

(Нарын Айып: ) "Перамога камуністаў вельмі ўмоўная. Ды я б і не назваў яе перамогай. Так, камуністы атрымалі 25 адсоткаў месцаў у партыйных сьпісах. Але насамрэч гэта няшмат. Кыргызскі парлямант складаецца з дзвюх палатаў. У адной, ніжняй – 60 дэпутатаў, у другой – 40. 15 мандатаў у ніжняй палаце аддадзена на партыйныя сьпісы. Такім чынам, камуністы будуць мець 5-6 месцаў у 105-ці мясцовым парляманеце. Роля камуністаў ў грамадзтве мінімальная. Яны наогул ня трапілі б у парлямант, калі б не палітыка ўладаў.

Улады рабілі ўсё магчымае, каб не дапусьціць да выбараў рэальныя апазыцыйныя партыі, дэмакратычныя партыі. У выніку вакуум запоўнілі камуністы. Фармальна, ні прэзыдэнт Акаеў, ні ўрад не перасьледуюць апазыцыйныя партыі, ўсё робіцца як бы паводле закону, праз суды. Але суды цалкам падкантрольныя выканаўчай уладзе... Дарэчы, камуністычных партый у Кыргызстане, як і ў Беларусі, дзьве, і яны выступаюць за аднаўленьне СССР".

(Навумчык: ) "У якой ступені цяперашнія парляманцкія выбары могуць адбіцца на будучыні Кыргызстану?"

(Нарын Айып: ) "Цяперашнія, лютаўскія парляманцкія выбары – своеасаблівая рэпетыцыя прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў сьнежні. Улада зрабіла ўсё, каб палітычна зьнішчыць лідараў апазыцыі. Гаворка не пра тое, каб не дапусьціць іх на пасаду сьпікера, прэм'ера, віцэ-прэм'ераў – а каб нават не прапусьіць іх у парлямант: тое, што адбылося ў Беларусі з Народным Фронтам пяць гадоў таму. Лідары апазыцыі выціскаюцца з парляманту, гэта значыць, іхны палітычны ўплыў зводзіцца да мінімуму. Такім чынам, прэзыдэнт Акаеў рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў і зьмяншае шанцы патэнцыйных апанэнтаў".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG