Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня расейская авіяцыя працягвала бамбаваньне горных раёнаў Чачні, дзе засяроджаныя сілы чачэнскіх паўстанцаў. Тымчасам, трыццаць сёмы дзень няма зьвесткаў пра лёс карэспандэнта радыё «Свабода» Андрэя Бабіцкага, які быў затрыманы расейскімі падразьдзяленьнямі...

Ужо зразумела, што незалежна ад таго, ці знаходзіцца Бабіцкі ў чачэнскіх палявых камандзіраў, ці ён утрымліваецца расейскімі сіламі – ягонае зьнікненьне было зарганізаванае спэцслужбамі Расеі. Бо менавіта спэцслужбы, як высьвятляецца, былі ініцыятарамі гэтак званага «абмену» – што яны, дарэчы, не хаваюць і самі.

Але сёньня якраз прадстаўнікі расейскіх сілавых ведамстваў закідваюць Бабіцкаму найбольш абвінавачваньні паводле Крымінальнага кодаксу. І сярод іх галоўнае – што нейкі час Бабіцкі знаходзіўся ў месцах, якія кантралююць чачэнскія палявыя камандзіры. І нават меў пропуск, падпісаны гэтымі камандзірамі.

З пункту гледжаньня журналістыкі, паводзіны Андрэя – выключна высокапрафэсійныя. Сюды, у праскае бюро «Свабоды», ён перадаваў інфармацыю не паводле зводак ТАСС, а – непасрэдна з месца падзеяў. У гэтым ён не першаадкрывальнік – скажам, падчас грамадзянскай вайны ў Гішпаніі з баявых пазыцыяў перадаваў рэпартажы Эрнст Хэмэнгуэй.

Паводле некаторых паведамленьняў расейскіх СМІ, чачэнскія падразьдзяленьні пакінулі вёску Дуба-Юрт, якая адыгрывае істотную ролю на падыходах да базаў чачэнцаў у горных раёнах.

Сёньня карэспандэнту нашага радыё Дзмітрыю Волчаку ўдалося пагутарыць па тэлефоне з Прэзыдэнтам Чачні Асланам Масхадавым.

(Масхадаў: ) "Пасьля вываду нашых падразьдзяленьняў з Грознага ідзе перадыслякацыя войскаў. У прыватнасьці, мы рыхтуемся да абароны ад авіяцыйных налётаў у горах. Цясьніны мы трымаем пад кантролем, і ня хутка туды расейскія войскі пранікнуць. А калі паспрабуюць – дык іх чакаюць вялікія і цяжкія страты".

Вернемся да сітуацыі вакол зьнікненьня Бабіцкага.

Расейская праваабаронца Алена Бонэр вылучыла кандыдатуру Андрэя Бабіцкага на Міжнародную прэмію Эўрапарляманту імя Андрэя Сахарава. Гэтая прэмія была заснаваная яшчэ пры жыцьці Сахарава, і першым лаўрэатам быў Анатоль Марчанка – пісьменьнік, дысыдэнт, палітзьняволены, які памёр у турме, адкуль, нягледзячы на патрабаваньні міжнароднай супольнасьці, гэнсек Гарбачоў не пажадаў яго вызваліць.

У інтэрвію карэспандэнту «Свабоды» Ірыне Лагунінай сваё рашэньне Алена Бонэр патлумачыла не трывогай за лёс Бабіцкага, а, найперш, ягонай дзейнасьцю ў імя артыкула 19 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, які гарантуе кожнаму «права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад дзяржаўных межаў».

На пытаньне, як паўплывае гісторыя з Андрэем Бабіцкім на расейскае грамадзтва, Алена Бонэр адказала наступным чынам:

(Бонэр: ) "Канкрэтныя справы наогул уплываюць на людзей эмацыйна болей, чым усялякія абстракцыі. А ў справе Бабіцкага было так шмат непрыхаванай хлусьні, такой максімальнай непавагі да грамадзства з боку ўладаў, калі яны хлусілі кожны як хто толькі здолеў, – што гэта, мне падаецца, закранае гонар і годнасьць кожнага чалавека, які сябе паважае. Калі ты паважаеш сам сябе, то ты павінен зразумець, як улада абразіла цябе ў гэтай справе. Быццам бы не закрануўшы, быццам не пабіўшы па твары, быццам бы без катаваньняў, як у фільтрацыйных лагярох – але ўлада абразіла ўсё грамадзства. Калі нашае грамадзтва гэта не разумее і не зразумее – ну… Тады яму яшчэ доўга чакаць."

Алена Бонэр, якая выступіла супраць яшчэ першай, 94-ага году, вайны Расеі ў Чачні, цяпер ня ўдзельнічае ў палітычным жыцьці Расеі. Як і большасьць ейных паплечнікаў – дысыдэнтаў, што казалі праўду і дваццаць, і трыццаць гадоў таму, а сёньня – не запатрабаваныя расейскім грамадзcтвам.

XS
SM
MD
LG