Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск


Нягледзячы на татальную русіфікацыю, у Беларусі яшчэ ёсьць адметныя нацыянальныя школы – да такое высновы прыходзяць сябры журы конкурсу на лепшую беларускую вясковую школу.

Конкурс, уласна, і разьлічаны на тое, каб падтрымаць гэтыя ацалелыя яшчэ асяродкі нацыянальнае асьветы ды раскрыць непраяўлены імпэт некаторых пэдагогаў у стварэньні ў сваіх школах атмасфэры сапраўднае беларушчыны.

Пра гэта паведаміў на чарговым паседжаньні журы конкурсу адзін зь ягоных ініцыятараў ды старшыня арганізацыйнага камітэту Алесь Лозка. Разам з тым ён падкрэсьліў, што галоўнаю прычынаю абвяшчэньня конкурсу на лепшую беларускую вясковую школу стала далейшая дэбеларусізацыя ўсёй сыстэмы адукацыі. Яна пачалася, як вядома, з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. У першыя гады ягонага кіраваньня галоўны ўдар быў нанесены па гарадзкіх беларускіх школах, у выніку якога прыём дзяцей у першыя клясы з нацыянальнаю моваю навучаньня скараціўся з 76 адсоткаў 94-м годзе да 4,7 адсоткі ў 99-м.

Залетась упершыню небясьпека русіфікацыі навісла й над вясковымі школамі, чаго не было нават у сумнавядомы брэжнеўска-андропаўскі час змаганьня з нацыяналізмам. У 97-98-м навучальным годзе на расейскую былі пераведзеныя 55 вясковых традыцыйна беларускіх школаў. Летась да іх дадаліся яшчэ 32.

Чыноўнікі міністэрства адукацыі, адказваючы на пытаньне пра колькасьць беларускіх школаў у краіне, звычайна ня любяць называць пры гэтым колькасьць вучняў у іх. Між тым, менавіта вясковыя школы даюць чыноўнікам мажлівасьці заяўляць, што беларускіх школаў у краіне зараз больш за 60 адсоткаў. Але ж гэта пераважна невялікія малакамплектныя школы, у якіх вучыцца ўсяго 30 адсоткаў школьнікаў краіны. Як бачым, тэндэнцыя апошніх двух гадоў, калі яна не будзе спыненая, выб'е ў чыноўнікаў і гэтую мажлівасьць хаваць агульную абвальную карціну за кволымі сьценамі вясковых школак.

У гэтай сытуацыі і адчулася неабходнасьць у маральнай падтрымцы тых пэдагогаў, вучняў ды іхных бацькоў, якія нягледзячы на ціск з боку ўладаў, працягваюць выкарыстоўваць сваё канстытуцыйнае права на нацыянальную адукацыю. Гэтую падтрымку і можа даць конкурс, як лічаць ягоныя арганізатары: Таварыства Беларускае Мовы ды Таварыства Беларускае Школы.

Прэзыдэнт ТБШ Алесь Лозка, які ўзначальвае арганізацыйны камітэт, паведаміў, што на конкурс ужо паступіла 45 заявак з усіх абласьцей краіны. Найбольшая колькасьць – 14 – прыйшла зь Меншчыны. Далей ідзе Берасьцейшчына – 11. За ёю – Віцебшчына – 7 заявак.

Найменш – усяго дзьве заяўкі – даслалі на конкурс школы Магілеўшчыны. Гэты рэгіён асабліва, так бы мовіць, выслаўляўся ў школьнамоўнай палітыцы й раней, так што такое прадстаўніцтва на конкурс не зьдзівіла ягоных арганізатараў, хоць менавіта на просьбу Магілеўскай абласной ўправы адукацыі аргкамітэту давялося ўзгадняць умовы конкурсу зь міністэрствам ды друкаваць ўзгодненае ў "Настаўніцкай газеце".

Конкурс яшчэ працягваецца, хоць папярэднія вынікі журы ўжо разглядала. Але канчаткова лепшыя вясковыя беларускія школы будуць названыя напачатку сакавіка.

XS
SM
MD
LG