Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


У сыботняй праграме "Панарама" дэпутат т.зв. "Нацыянальнага сходу" Жушма заявіў, што днямі прадстаўнікі апазыцыі пайшлі на нефармальны кантакт з прадстаўнікамі ўладаў каб вызначыць умовы магчымага ўдзелу ў выбарах. Сярод удзельнікаў такіх перамоваў быў названы і БНФ. Па камэнтар мы зьвярнуліся да кіраўніцтва абедзьвюх частак падзеленага Фронту: Юрася Беленькага і Вінцука Вячоркі…

(Беленькі: ) "Ніякіх – ні фармальных, ні нефармальных – рашэньняў, ніякіх накіраваньняў на ніякія перамовы з уладамі ні з боку партыі, ні руху, не было. Больш таго, партыя на апошнім Сойме прыняла такое рашэньне: пакуль існуе таталітарны рэжым, ні пра якія выбары дэмакратычныя гаворкі быць ня можа. Гаворка можа ісьці пра дэмакратычныя свабодныя выбары толькі ў тым выпадку, калі гэты незаконны рэжым будзе адпраўлены ў адстаўку. Калі яго ня будзе.

Я магу прапанаваць тлумачэньне, якое, на маю думку, можа існаваць. Ці тое, што прагучала па БТ з вуснаў сп.Жушмы, ёсьць звычайнай дэзынфармацыяй, ці другое: за сьпіной партыі БНФ нейкія людзі, якія выдаюць сябе за прадстаўнікоў партыі БНФ і вядуць гэтыя перамовы з мэтай дыскрэдытацыі Партыі БНФ і грамадзкага аб'яднаньня БНФ".

(Вячорка: ) "Партыя БНФ кіруецца рашэньнямі двух папярэдніх зьездаў, на якіх гранічна дакладна былі вызначаныя перадумовы, пры якіх мы можам пайсьці на выбары. Практычна гэтыя самыя перадумовы былі пацьверджаныя супольным Мэмарандумам апазыцыйных палітычных партыяў пры нашым удзеле летась. Ні пра які ўдзел у выбарчым фарсе ня можа быць гаворкі. І паколькі нічога не было зроблена рэжымам для таго, каб выканаць перадумовы для магчымых перамоваў адносна выбараў, больш за тое – калі дэманстратыўна і абедзьвюма палатамі, і Лукашэнкам быў прыняты выбарчы кодэкс па-за межамі перамоўнага працэсу – то зразумела, што ні ў якіх нефармальных, ці якія б яны там ні былі, дыялёгах, ці чымсьці яшчэ – мы ня ўдзельнічалі і ўдзельнічаць ня будзем".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG