Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакаты Андрэя Клімава, выступаючы ў судовых спрэчках, заклікалі судзьдзяў апраўдаць Клімава па ўсіх абвінавачваньнях. Яны назвалі арышт і прыцягненьне Клімава да адказнасьці расправаю над ім паводле палітычных матываў.

Сёньня аднавіліся судовыя спрэчкі на працэсе ў Ленінскім раённым судзе Менску, дзе судзяць дэпутата Андрэя Клімава. Нагадаю, у мінулую пятніцу пракурорка Галіна Радкевіч пачала судовыя спрэчкі з просьбы пакараць Клімава 9-цю гадамі калёніі. Ягонаму намесьніку Ваўковічу пракурор прасіла даць пяць гадоў зьняволеньня, а астатнім сямі абвінавачваным – невялікія ўмоўныя пакараньні.

Сёньня прыйшла чарга выказацца адвакатам. Адразу заўважу, што ў працэсе ўдзельнічаюць ажно 14 прафэсійных адвакатаў і грамадзкіх абаронцаў, а іхныя выступленьні могуць расьцягнуцца на некалькі дзён.

Сёньня пасьпелі выказацца чацьвёра. Па два абаронцы ад Клімава й Ваўковіча. Усе прамоўцы казалі пра тое, што судовае расьледваньне вінаватасьць падсудных не выявіла, таму іх трэба апраўдаць. Прычым, апраўдаць па ўсіх пунктах абвінавачваньня, а ня толькі па тых, пра якія казала пракурорка. Гэтак, Галіна Радкевіч у мінулую пятніцу прызнала, што Клімава дарэмна абвінавачвалі ў неліцэнзійным прадпрымальніцтве й выманьваньнні крэдытаў, аднак яна ўпэўненая, што дэпутат вінаваты ў крадзяжы 3 мільярдаў рублёў зь бюджэту Менску.

Адвакатка Клімава Вольга Біруля паспрабавала даказаць суду, што сьледзтва супраць дэпутата вялося некваліфікавана, з парушэньнем шмат якіх законаў і зь яўнай мэтаю прыцягнуць Клімава да адказнасьці ў любым выпадку. Адвакатка нагадала, што праверка будаўнічае фірмы Клімава пачалася ў лютым 1997 году, такім чынам, фірму, як кажуць, "трэсьлі" цэлы год яшчэ да арышту гаспадара. За гэты час Клімаў не чыніў правяральшчыкам аніякіх перашкодаў, нічога ад іх не хаваў. "Гвалтоўны арышт Клімава ў лютым 1998 году, проста на вуліцы, паказаў, што супраць майго падабароннага ўжо тады быў абраны мэтад псыхалягічнага ціску з мэтаю запалохаць і прызнаць сябе вінаватым у тым, што скажуць сьледчыя", – лічыць адвакатка Біруля.

Аднак гэта не спрацавала, Клімаў вінаватым сябе не прызнаваў, і тады яго на два з паловаю месяцы кінулі ў камэру плошчаю 6 квадратных мэтраў, дзе знаходзілася 5 чалавек. Двойчы дэпутат трымаў галадоўку, трапіў у шпіталь, у выніку згубіў здароўе, але не саступіў. Зьдзекі над ім у той ці іншай форме, лічыць адвакатка, працягваюцца дагэтуль. Біруля ўзгадала прызнаньне сьледчых у тым, што спачатку ў іх, сапраўды, нічога не было супраць Клімава, і толькі празь 10 месяцаў пасьля арышту яны знайшлі нешта, за што вырашылі прыцягнуць дэпутата да адказнасьці. "Уявіце, зь якой самаўпэўненасьцю й цынізмам паводзілі сябе сьледчыя, калі нават не хавалі ад мяне такіх прызнаньняў", – распавяла суду адвакатка Біруля.

Маці і абаронца Андрэя Ала Клімава ў сваёй прамове засяродзіла ўвагу на тых несупадзеньнях у доказах віны, якія сталі відавочныя пад час судовага расьледваньня. На ейную думку, сьледчыя не абцяжарвалі сябе выкананьнем многіх маральных і працэсуальных нормаў, што зьвяло да нуля цану іхнае працы.

Заўтра мы пачуем аргумэнты ў абарону Клімава ды іншых абвінавачваных ад другіх адвакатаў, у тым ліку прадстаўніка Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы. Наколькі вядома, Паганяйла зьбіраецца засяродзіць увагу на дамове паміж фірмаю Клімава й менскімі ўладамі пра будоўлю вядомага дома. Дарэчы, цікавасьць да працэсу ўсе апошнія дні павялічвалася, і ў выніку сёньня ў судовай зале ўжо не было вольных месцаў.

XS
SM
MD
LG