Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня ў Магілеве працягваўся суд над 26-гадовым Зьміцерам Абадоўскім – сынам вядомага ў вобласьці грамадзкага дзеяча і праваабаронцы Сяргея Абадоўскага. Зьміцер быў арыштаваны летась 10 ліпеня з падозраньня ў згвалтаваньні....

"Свабода" ужо распавядала пра хаду сьледзтва. Абаронцы Зьміцера Абадоўскага лічаць, што тут было дапушчана шмат парушэньняў. У іх таксама складаецца ўражаньне, што крымінальная справа выкарыстоўваецца, як сродак ціску на бацьку Зьміцера.

У мінулы панядзелак на першым паседжаньні ў судзе Цэнтральнага раёну Магілеву было задаволенае хадайніцтва абароны Абадоўскага аб допуску да разьбіральніцтва шасьці грамадзкіх абаронцаў – ад розных грамадзкіх арганізацыяў Магілеўшчыны. Ім быў прадстаўлены тыдзень на азнаямленьне са справай. Аднак, суд адмовіў абароне Зьміцера ў зьмене меры стрыманьня для падсуднага і адхіліў адвод судзьдзі.

Сёньняшняе паседжаньне пачалося з паўтору апошняга хадайніцтва. Справа ў тым, што судзьдзя Андрэй Юрчанка разьбіраўся ў мінулым з грамадзянскім зыскам, да якога меў дачыненьне Зьміцер Абадоўскі, і можа мець асабістую зацікаўленасьць. Але суд ізноў адмовіў абароне ў адводзе судзьдзі.

Пракурор Ганна Іглікава зьвярнулася далей да суду з хадайніцтвам зрабіць зачыненае судовае разьбіральніцтва па крымінальнай справе Зьміцера Абадоўскага – у сувязі з тым, што размова ідзе аб згвалтаваньні і ягоных інтымных падрабязнасьцях. Адвакаты ж падсуднага – Алена Юрэня і Сяргей Абадоўскі – наадварот, настойлівалі на публічным, адкрытым разьбіральніцтве. Бо, па-першае, згвалтаваньне – гэта толькі адзін эпізод крымінальнай справы: Зьміцеру Абадоўскаму інкрымінуецца яшчэ й крадзеж. А, па-другое, ягоная справа выклікае зацікаўленьне грамадзкасьці: пра яе распавядалі і друкаваныя, і электронныя СМІ.

Аднак, судзьдзя ўсё ж вырашыў задаволіць хадайніцтва пракурора. Усе журналісты, сваякі, асобы, якія ня маюць непасрэднага дачыненьня да справы былі выдаленыя з залі, і судовае паседжаньне далей працягвалася за зачыненымі дзьвярыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG