Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Выканальнік абавязкаў прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімер Ярмошын першы працоўны дзень на новай пасадзе 21 лютага пачаў у адміністрацыі прэзыдэнта, дзе Аляксандар Лукашэнка прадставіў яго сябрам ураду й выканаўчай "вэртыкалі". А экс-прэм'ер Сяргей Лінг за добрую службу сёньня атрымаў ордэн "Пашаны".

У сувязі з прадстаўленьнем выканальніка абавязкаў прэм'ер-міністра Ўладзімера Ярмошына ў адміністрацыі Лукашэнкі была адмененая адмысловая нарада, на якой зьбіраліся абмяркоўваць, як дабіцца міжнароднага прызнаньня парлямэнцкіх выбараў паводле новага Выбарчага кодэксу.

Перанесеная і справаздача ўраду пра эканамічныя вынікі, што была заплянаваная на 25 лютага. Замест справаздачы Сяргея Лінга, у якой ён меўся апраўдвацца, чаму ў краіне цяжкі эканамічны стан, вялікая інфляцыя і правал у сельскай гаспадарцы, пасяджэньне ў адміністрацыі вылілася ў плынь удзячных выказваньняў на адрэсу былога прэм'ера, які, паводле словаў кіраўніка "Палаты прадстаўнікоў" Анатоля Малафеева, "не паступіўся прынцыпамі". Нямала прыемных словаў Лінгу выказаў і Лукашэнка.

Новы кіраўнік ураду пакуль не рабіў грунтоўных выказваньняў адносна праграмы сваёй дзейнасьці ці сваіх эканамічных поглядаў. Адзінае, што ён сёньня пацьвердзіў – гэта ляяльнасьць кіраўніку дзяржавы. Ён таксама зазначыў, што зьяўляецца прыхільнікам паступальнага й эвалюцыйнага руху, паабяцаў, што рэвалюцыйных зьменаў ва ўрадзе ня будзе, і паведаміў, што, на ягоны погляд, "пры ўсіх вонкавых і нутраных цяжкасьцях Рэспубліка знаходзіцца на хаду".

Ярмошын, як і Лінг, добра разумее, што эканамічная палітыка вызначаецца ня ў Доме ўраду, а ў "Чырвоным Доме" на вуліцы Маркса. Лукашэнка ж ахарактарызаваў Ярмошына як чалавека больш жортскага, валявога й патрабавальнага. Зрэшты, пра свае падыходы ЎладзімерЯрмошын павінен будзе больш грунтоўна выказацца 14 сакавіка, калі ягоную кандыдатуру на па-зачарговай сэсіі будзе зацьвярджаць "Палата прадстаўнікоў".

Былы прэм'ер Сяргей Лінг, які быў узнагароджаны ордэнам "Пашаны" й пайшоў у адпачынак, яшчэ можа быць выкарыстаны ў якасьці кіраўніка аднаго зь беларускіх прадстаўніцтваў за мяжою – магчыма, нават у Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Пра гэта сказаў у мінулую нядзелю на "Менскай лыжні" Аляксандар Лукашэнка. Праўда, падобныя абяцаньні Лукашэнкі ў свой час даваў і былому міністру замежных справаў Івану Антановічу. Аднак замест ганаровых дзяржаўных пасадаў Антановіч мусіў задаволіцца выкладчыцкай дзейнасьцю ў вадной зь менскіх ВНУ.

У мінулую нядзелю Ўладзімера Ярмошына можна было бачыць на "Менскай лыжні", ён быў надзвычай заклапочаны й на лыжы чамусьці ня стаў. Зараз ён пераймае ўрадавыя справы ад Сяргея Лінга й знаёміцца з апаратам Савету Міністраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG