Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

У Латвіі ў новую стадыю ўвайшоў скандал так званай "справы пэдафілаў". Абвінавачаныя буйныя афіцыйныя чыноўнікі патрабуюць доказаў…

Сама гісторыя распачалася ў верасьні. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі Латвіі апублікавалі інфармацыю, што нібыта некаторыя сябры ўраду маюць дачыненьне да ўзбуджанай раней крымінальнай справы пра пэдафілію. Некалькі дзеячаў порнабізнэсу ўжо былі асуджаныя і адбываюць пакараньне. І тут усплылі ймёны дзяржаўных чыноўнікаў. У выніку была створаная парляманцкая камісія для дасьледваньня гэтай справы.

Пачаліся непаразуменьні з пракуратурай, якая, на думку дэпутатаў, недастаткова эфэктыўна дасьледвала справу. Напачатку году заявіў пра сваю адстаўку генэральны пракурор. Пачаліся гаворкі пра ціск на пракуратуру.

Учора ў будынку парляманту камісія, якая дасьледуе гэтую справу, абвесьціла сваё папярэдняе заключэньне. Дакладная фармулёўка, зь якой выступіў старшыня камісіі спадар Адамсанс – была такой: у сьведчаньнях, якія выслухала камісія, былі ўзгаданыя тры чалавекі: прэм'ер-міністар Латвіі Адрыс Шкейле, міністар юстыцыі Валдзіс Бірковс, начальнік службы дзяржаўных даходаў Андрэс Сонцікс.

Сярод меркаваньняў вакол справы – што гэта простая правакацыя, арганізаваная спадаром Адамсансам, які лічыцца супрацоўнікам КДБ і ў свой час служыў на Далёкім Усходзе ў савецкім памежным войску. Пра гэта мне паведаміў рэдактар нацыянальнага інфармацыйнага агэнцтва Латвіі "Летте" – Лато Лапса:

(Лапса: ) "Робіцца выснова, што спадар Адамсанс выконвае загад сваіх былых ці цяперашніх гаспадароў з КДБ".

(Караткевіч: ) "Скажыце, а ці ёсьць доказы ў гэтай справе?"

(Лапса: ) "У сьледчай камісіі, магчыма, доказы й ёсьць, але ніхто іх ня бачыў. Апроч самой камісіі, бо спадар Адамсанс сьцьвярджае, што ня давярае пракуратуры і, не зразумела, каму ён давярае і каму ён перадасьць гэтыя доказы. Калі такія ёсьць".

(Караткевіч: ) "Якая рэакцыя ў грамадзтве? Што пішуць сродкі масавай інфармацыі?"

(Лапса: ) "Танальнасьць вельмі розная. Ёсьць меркаваньне, што гэта адзін з самых чорных дзён Латвіі за апошнія гады. Сродкі масавай інфармацыі часткова прытрымліваюцца такой пазыцыі, часткова глядзяць на рэчы даволі прагматычна. Натуральна, у грамадзтве пра гэта гавораць, абмяркоўваюць, але ўсім цалкам зразумела, што гэта не пытаньне пра тое, як абараняць бедных дзетак ад дамаганьняў кепскіх пэдафілаў, а чыста палітычныя гульні… Натуральна, усім зразумела, што прэстыжу Латвіі гэта не найлепшы падарунак. Але што зробіш? Маладое пакаленьне на гэта ўсё глядзіць як на гумарыстычны спэктакаль з працягам."

Паводле майго суразмоўцы, рэдкатара нацыянальнага інфармацыйнага агэнцтва Латвіі Лато Лапсы, прэм'ер-міністар адчувае сябе някепска, займаецца выпраўленьнем становішча на прадпрыемствах харчовай прамысловасьці. Што да вэрсіяў разьвязаньня справы пэдафілаў, то іх дзьве: абвінавачаныя пададуць у суд. А аптымісты вераць, што ў дэмакратычнай краіне могуць пакараць і чыноўнікаў.

XS
SM
MD
LG